2017-10-04 12:26:00

Святы Айцец: хрысціяне – місіянеры надзеі


Аб пакліканні хрысціян быць місіянерамі надзеі нагадаў папа Францішак 4 кастрычніка 2017 г. падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. У сваёй катэхезе ён падкрэсліў, што фундаментам надзеі з’яўляецца праўда аб уваскрасенні Хрыста.

Хрысціяне, паводле яго слоў, не павінны быць “прарокамі няшчасця”. “Сутнасць іх паслання супрацьлеглая няшчасцю: гэта Езус, памерлы з любові, Якога Бог уваскрасіў у пасхальную раніцу. Вось сутнасць хрысціянскай веры. Калі б Евангелле закончылася на магіле Езуса, гісторыя гэтага прарока дадалася б да шматлікіх біяграфій гістарычных дзеячаў, што аддалі жыццё дзеля пэўнага ідэалу. Евангелле было б тады павучальнай, а таксама суцяшальнай кнігай, але не было б абвяшчэннем надзеі”, - патлумачыў Пантыфік. 

Паводле Францішка, менавіта апошняя частка Евангелля, у якой гаворыцца пра ўваскасенне Езуса, стала сілай, здольнай перамяняць чалавечыя жыцці. Хрыстус уваскрос не толькі для сябе, але жадае, каб у Яго ўваскрасенні ўдзельнічалі ўсе людзі, каб былі не толькі носьбітам цудоўнай навіны, але сталі перамененымі ёй.

“Езус не жадае вучняў, здольных толькі паўтараваць завучаныя на памяць формулы. Ён жадае сведкаў: людзей, якія абвяшчаюць надзею праз тое, як прымаюць іншых, як усміхаюцца, любяць. Асабліва любяць: таму што сіла ўваскрасення робіць хрысціян здольнымі любіць нават тады, калі здаецца, што любоў згубіла свае прычыны. Ёсць нешта “большае” у хрысціянскім жыцці, што немагчыма патлумачыць проста сілай духа ці большым аптымізмам. Не! Наша вера, наша надзея – гэта не толькі аптымізм. Гэта штосьці іншае, штосьці большае! Гэта, як бы вернікі былі асобамі з дадатковым “кавалкам неба” над галавой. Як гэта цудоўна! Мы з’яўляемся асобамі з дадатковым кавалкам неба над галавой, якіх суправаджае прысутнасць, якую некаторыя не могуць нават адчуць”, - сказаў Папа.

“Калі неба зацягнута цалкам аблокамі, асобы, здольныя казаць пра сонца – гэта благаслаўленне” – менавіта такімі, паводле Францішка, павінны быць хрысціяне. Яны не павінны вечна скрадзіцца і абурацца, але быць перакананым, што ніводнае зло не з’яўляецца вечным, ніводная ноч не з’яўляецца бясконцай, ніводзін чалавек не з’яўляецца незваротна злым, што няма такой нянавісці, якую б не магла перамагчы любоў.

“Канешне, часам вучні павінны дорага плаціць за гэту надзею, падараваную ім Езусам. Падумаем пра шматлікіх хрысціян, якія не пакінулі свой народ, калі настаў час пераследаў. Яны засталіся там, дзе не былі ўпэўнены ў заўтрашнім дне, дзе не маглі нічога планаваць, але засталіся, спадзяючыся на Бога. Падумаем пра нашых братоў, нашых сясцёр з Блізкага Усходу, якія далі сведчанне надзеі, а таксама аддаюць жыцці дзеля гэтага сведчання. Гэта сапраўдныя хрысціяне! Яны носяць неба ў сэрцы, глядзяць далей, заўсёды далей!”, - сказаў Папа.

Па словах Францішка, мучанікі ўсіх часоў, сваёй вернасцю Хрысту, кажуць, што несправядлівасць не з’яўляецца апошнім словам у жыцці.

“Ва ўваскрослым Хрысце мы можам працягваць спадзявацца. Мужчыны і жанчыны, які маюць прычыну, каб жыць, больш за іншых вытрымліваюць у часы няшчасцяў. Але, хто мае Хрыста побач, сапраўды больш нічога ўжо не баіцца. Таму сапраўдныя хрысціяне ніколі не з’яўляюцца лёгкімі і зручнымі людзьмі. Іх лагоднасць нельга блытаць з пачуццём няўпэўненасці і падатлівасцю. Св. Павел пабуджаў Цімафея цярпець дзеля Евангелля, і казаў так: “Бог даў нам не духа боязі, але сілы, любові і разважнасці”. Калі ўпадуць, яны заўсёды ўстаюць”, - падкрэсліў Францішак.

На заканчэнне сваёй катэхезы Пантыфік падкрэсліў, што хрысціяне з’яўляюцца місіянерамі надзеі не ў сілу сваіх заслуг, але дзякуючы Езусу, пшанічнаму зерню, якое ўпала ў зямлю, памерла і прынесла багатыя плады. 








All the contents on this site are copyrighted ©.