2017-10-02 12:31:00

Францішак: Пан шукае чыстыя знутры сэрцы


Хрысціяне маюць магчымасць выбару паміж тым, каб быць грэшнікамі, якія знаходзяцца на шляху, якія працягваюць слухаць Пана, а калі падаюць – каюцца і ўстаюць; або быць грэшнікамі, якія сядзяць, будучы гатовымі заўсёды апраўдаць сябе, сказаў Папа 1 кастрычніка 2017 г. падчас св. Імшы на стадыёне імя Рэната Даль Ара ў Балонні. 

У гаміліі Францішак падкрэсліў, што хрысціянскае жыццё – гэта пакорны шлях сумлення, якому не ўласціва акамянеласць, якое здольнае каяцца і ва ўсім давярацца воле Пана. Пакаянне, паводле яго слоў, гэта ключавое слова ў барацьбе з крывадушнасцю, клерыкалізмам, які суправаджаецца прывязанасцю да літары закону, адлучэннем ад людзей. Пан шукае сэрцы, якія чыстыя знутры, а не звонку, сказаў Святы Айцец.

Пантыфік нагадаў вернікам пра важнасць дыялогу, сустрэчы і пошуку новых шляхоў, што тычыцца як сямейнага жыцця, так і касцёльнага і грамадскага. На заканчэнне гаміліі ён нагадаў пра “тры кантрольныя кропкі” хрысціянскага жыцця: Божае слова, Эўхарыстыю і бедных. У кожнай з іх мы знаходзім Езуса і патрымку ў нашым зямным пілігрымаванні, сказаў ён.

Літургія стала кульмінацыйным пунктам пілігрымкі Пантыфіка ў Балонню. Пасля яе Францішак на верталёце вярнуўся ў Ватыкан.








All the contents on this site are copyrighted ©.