Трэці дзень пленарнага пасяджэння Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы быў прысвечаны місіі Касцёла на кантыненце. Раніцай 30 верасня 2017 г. іерархі сабраліся на малітву, якую ўзначаліў арцыбіскуп Познаньскі Станіслаў Гандэцкі, віцэ-старшыня Рады.
Пасля ўводзінаў у тэму дня прайшла праца ў групах. Біскупы казалі пра тое, што Еўрапейскі Саюз павінен спрыяць любові паміж народамі. Калі яна магчыма паміж людзьмі, будзе магчыма таксама і сярод еўрапейскіх народаў, заўважыў на прэс-канферэнцыі кардынал Анджэла Баньяска, старшыня Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы.
“Еўропа, перш чым геаграфічная тэрыторыя, гэта таксама духоўнае і этычнае заданне. У гэтай сферы Еўрапейскі Саюз павінен працаваць, каб знайсці самога сябе, сваё аблічча, сваю будучыню, свой лёс, каб здолець зноў “закахаць” еўрапейцаў, еўрапейскага чалавека, у мару аб аб’яднанні, а не дамінаванні ці стандартызацыі. Еўрапейскі Саюз павінен адчуваць сябе маці, а не мачыхай. Павінен адчуваць сябе больш “лёгкай” рэчаіснасцю, а не цяжкой і прыгнятаючай. Гэта, аднак, не азначае, што ён павінен быць павярхоўным, менш тоесным і менш эфектыўным. Наадварот – ён будзе плённым, бо ўвойдзе ў сэрца народаў, як цудоўная і ўзбагачаючая рэчаіснасць”, - сказаў італьянскі кардынал.
Па словах старшыні Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы, неабходны змены ў фундаменце інтэграцыі на кантыненце. Еўропа павінна распазнаць сваё духоўнае заданне, а не быць толькі палітычным, фінансавым, эканамічным, абарончым аб’яднаннем. У гэтай сферы важнай з’яўляецца роля Касцёла, які павінен несці “слабымі рукамі” чалавека моцнае пасланне Езуса Хрыста.
“Евангелле, якім з’яўляецца Езус Хрыстус – слова, якое стала Целам, відавочна з’яўляецца адказам на настальгію, глыбокае жаданне, дабра, прыгажосці, жыцця, шчасця, якое мае чалавек. Гэта глыбокая патрэба, гэта глыбокае жаданне, прагненне, можа быць заглушана, як у асабістым сумленні, так і ў калектыўным, але ніколі не можа быць забіта, ніколі не можа памерці”, - дадаў іерарх.
У другой палове дня пройдзе зацвярджэнне тэксту, які будзе накіраваны ў Сакратарыят Сіноду і выніковага паведамлення аб працы форума. Вечарам еўрапейскія іерархі наведаюць праваслаўную царкву Усіх Святых у Мінску, пасля чаго накіруюцца ў сталічны касцёл Найсвяцейшай Тройцы на супольную Эўхарыстыю.
All the contents on this site are copyrighted ©. |