2017-09-30 13:39:00

Папа: будаваць гарады на вобраз нябеснага Ерузалема


30 верасня 2017 г. Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане членаў Асацыяцыі італьянскіх гарадскіх адміністрацый (Associazione Nazionale Comuni Italiani). Папа заклікаў іх мець увагу да сацыяльных і жыццёвых перыферый, а таксама клапаціцца пра самых уразлівых членаў грамадства.

У сваёй прамове Пантыфік нагадаў, што на першых старонках Бібліі гаворка вядзецца пра Вавілон – няспоўнены горад, які застаўся ў гісторыі чалавецтва сімвалам непаразумення і разгубленасці, пыхлівасці і падзелаў, няздольнасці адкрыцца, якая робіць немагчымай ніякую супольную справу.

Цікава, што завяршаецца Біблія таксама вобразам горада – новага Ерузалема, які “мае водар неба і кажа пра адноўлены свет”, з’яўляецца “скініяй, што пашырае сустрэчу і магчымасць атрымання грамадзянства”. Жыццё ў ім – гэта дар. “У яго ўваходзіш у той меры, у якой спрыяеш стварэнню адносін братэрства і еднасці”, - заўважыў Папа.

Па яго словах, вобраз новага Ерузалема паказвае, што чалавечае грамадства можа вытрываць, толькі калі грунтуецца на сапраўднай салідарнасці, але калі пачынае расці зайздрасць, няспынныя амбіцыі і дух варожасці, яму наканавана насілле і хаос.

“Будаванне гэтага горада патрабуе ад вас не прэтэнцыёзнага імкнення да вышыні, але пакорнага і штодзённага намагання, накіраванага ўніз. Гаворка не ідзе пра тое, каб пастаянна ўзносіць вежу, але пашыраць плошчу, ствараць прастору, даваць кожнаму магчымасць рэалізаваць самога сябе і ўласную сям’ю і адкрыцца на еднасць з іншымі”, – сказаў Папа.

Па словах Францішка, “горад – гэта жывы арганізм”, і калі адна яго частка задыхаецца, то прычына гэтага ў тым, што яна не атрымлівае ад іншай дастаткова кіслароду. Папа патлумачыў, што мае на ўвазе недахоп адкрытасці і паслуг, узнікненне беднасці і маргіналізацыі. Такі горад мае “дзве паласы”: з аднаго боку – “аўтастрада”, па якой нясуцца “гіперзабяспечаныя”, а з іншага – “вузкія сцяжынкі” бедных і беспрацоўных, шматдзетных сем’яў, эмігрантаў, асобаў, якім няма на каго разлічваць.

Важнай з’яўляецца ўвага да перыферый: гарадскіх, сацыяльных і жыццёвых. Святы Айцец заклікаў будаваць грамадства, у якім кожны адчувае сваю чалавечую і грамадскую годнасць, надзелены правамі і абавязкамі, якія б адпавядалі як яго асабістым інтарэсам, так і ўсяго грамадства.

Для гэтага патрэбны палітыка і эканоміка, якія б грунтаваліся на этыцы адказнасці, стасункаў, супольнасці і навакольнага асяроддзя, а перад абліччам масавага прыбыцця бежанцаў і мігрантаў – палітыка інклюзіўнасці і інтэграцыі, культура сустрэчы, узаемаўзбагачальны абмен культурнымі традыцыямі і ведамі. Толькі так палітыка зможа выконваць сваё фундаментальнае заданне – “дапамагаць глядзець у будучыню з надзеяй”. Тады горад стане “адбіткам нябеснага Ерузалема”, “знакам Божай дабрыні і пяшчоты”, - сказаў Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.