2017-09-28 13:45:00

Францішак пра каштоўнасць згрызотаў сумлення


Не баяцца праўды пра наша жыццё, усведамляючы ўласныя грахі і вызнаючы іх перад Панам, просячы аб прабачэнні, заклікаў Францішак 28 верасня 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У сваёй гаміліі ён спаслаўся на літургічнае чытанне з Евангелля паводле св. Лукі (9, 7-9), у якім гаворка ідзе аб рэакцыі Ірада на пропаведзь Езуса Хрыста. 

Папа нагадаў, што некаторыя звязвалі Езуса з Янам Хрысціцелем і Іллёй, іншыя атаясамлівалі Яго з кімсьці з прарокаў. Ірад не ведаў, што думаць пра Яго, але адчуваў у сваім сэрцы згрызоты сумлення. Ён прагнуў убачыць Езуса дзеля заспакаення. Хрыстус, аднак, “не стаў рабіць перад ім цырку”. 

Затым Ірад перадаў Яго Пілату, і Езус паплаціўся сваім жыццём. Такім чынам, Ірад пакрыў “адно злачынства другім”, пакрыў свае згрызоты сумлення іншым злачынствам, як той, хто “забівае з-за страху”, падкрэсліў Святы Айцец.

Пантыфік патлумачыў, што згрызоты сумлення з’яўляюцца не проста “звычайным успамінам” пра ўчыненае намі зло, але “незагоеннай ранай”, якая баліць недзе ў глыбіні нашага сэрца і боль ад якой мы імкнемся заглушыць. У той жа час, адчуванне згрызотаў сумлення – гэта сапраўдная ласка, перакананы ён.

Важна назваць рану па імені, вызначыць месца ў якім яна знаходзіцца і выцягнуць яе вонкі. У першую чаргу гэта робіцца з дапамогай малітвы: “Пане, змілуйся нада мною, бо я грэшны”, якую Бог, безумоўна, выслухае. Затым трэба прааналізаваць уласнае жыццё, папрасіць бліжняга, каб дапамог убачыць гэту рану і даць ёй імя. Тут неабходна пакора і канкрэтнасць, якая асабліва падабаецца Богу, патлумачыў Папа.

На заканчэнне гаміліі Францішак заклікаў не баяцца згрызотаў сумлення, бо яны з’яўляюцца “сімптомам збаўлення”. Трэба баяцца “жадання прыкрыць іх, замаскіраваць, утаіць, схаваць” і тады Бог зможа нас аздаравіць, параіў Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.