2017-09-24 14:12:00

Папа маліўся ў інтэнцыі Ватыканскай жандармерыі


Папа цэлебраваў Эўхарыстыю ў інтэнцыі Ватыканскай жандармерыі. Літургія прайшла раніцай 24 верасня 2017 г. каля гроту Маці Божай Лурдскай, у Ватыканскіх садах. Яна была прымеркавана да свята святога Арханёла Міхала – апекуна корпуса, якое будзе адзначацца 29 верасня. Папа пажадаў скласці віншаванні жандармам загадзя ў сувязі з неабходнасцю падрыхтоўкі яго пастырскага візіту ў Чэзену і Балонню, які адбудзецца на наступным тыдні. 

У сваёй гаміліі ён заклікаў ватыканскіх ахоўнікаў парадку да навяртання і адкрытасці на сустрэчу з Богам. “Важней чым шукаць Бога, ведаць, што Ён шукае мяне”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Бог настолькі любіць чалавека і прагне сустрэчы з ім, што паслаў да яго свайго Сына, сказаў Папа і нагадаў прыклад міласэрнага айца з евангельскай прыпавесці, які чакаў свайго блуднага сына доўга ўглядаючыся ў гарызонт. “Такое сэрца нашага Бога: Ён нас заўсёды чакае. І калі хтосьці кажа: “Я знайшоў Бога”, то ён памыляецца. Гэта Бог знайшоў цябе і прывёў да сябе”, - сказаў Пантыфік і заклікаў ватыканскіх жандармаў расчыніць дзверы сваіх сэрцаў, каб дазволіць Пану ўвайсці ў іх.

Ватыканская жандармерыя была заснавана ў 1971 г. замест Папскай жандармерыі, якая існавала з 1816 г. Корпус налічвае каля 150 жандармаў, у абавязкі якіх уваходзіць ахова грамадскага парадку і бяспекі на тэрыторыі Дзяржавы Ватыкан і ва ўстановах Апостальскай Сталіцы.








All the contents on this site are copyrighted ©.