2017-09-22 15:04:00

Святы Айцец занепакоены нецярпімасцю да мігрантаў


Перад абліччам міграцыйных патокаў Касцёл жадае заставацца верным сваёй місіі, якая заключаецца ў тым, каб любіць Хрыста, асабліва ў самых бедных і пакінутых, сярод якіх мігранты і бежанцы, падкрэсліў Францішак падчас аўдыенцыі для адказных за душпастырства мігрантаў пры епіскапатах краін Еўропы. Папа прыняў іх 22 верасня 2017 г. у Клементыйскай зале ватыканскага Апостальскага палацу.

Распазнаваць Пана і служыць Яму ў гэтых членах “пілігрымуючага народу” – гэта адказнасць, якая аб’ядноўвае ўсе мясцовыя Касцёлы, дадаў ён і заўважыў, што, нажаль, у еўрапейскіх грамадствах сустракаюцца выпадкі нецярпімасці да мігрантаў.

“Я не хаваю ад вас маю занепакоенасць перад абліччам знакаў неталерантнасці і ксенафобіі, якія сустракаюцца ў розных рэгіёнах Еўропы. Яны часта матывуюцца недаверам і страхам перад іншымі. Яшчэ больш мяне непакоіць тое, што нашы каталіцкія супольнасці ў Еўропе не пазбаўлены гэтых абарончых і адчужаючых рэакцый, якія апраўдваюцца не вельмі добра абгрунтаваным “маральным абавязкам” захавання першапачатковай культурнай і рэлігійнай тоеснасці”, - сказаў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што ў гісторыі Касцёла былі спакусы “эксклюзівізму” і закрытасці дзеля абароны культуры, але Святы Дух заўсёды дазваляў вернікам іх пераадолець, дапамагаючы адкрыцца на бліжняга, які заўсёды застаецца магчымасцю для ўзбагачэння і росту. “Я перакананы, што Святы Дух дапаможа нам таксама і сёння завахаваць гэта стаўленне даверлівай адкрытасці, якая дазваляе пемамагчы ўсе перашкоды”, - падкрэсліў ён.

Па словах Пантыфіка, прыбыццё “шматлікіх братоў і сясцёр у веры” дае Касцёлу ў Еўропе магчымасць лепш рэалізаваць сваю “каталіцкасць”, узбагачаючыся іх пабожнасцю і энтузіязмам. Акрамя таго міграцыйныя патокі з’яўляюцца магчымасцю прапаведаваць Хрыста іншым людзям без патрэбы ў тым, каб пакідаць уласныя краіны. “Сустрэча з мігрантамі і бежанцамі іншых канфесій і рэлігій – гэта цудоўная нагода для развіцця экуменічнага і міжрэлігійнага дыялогу”, - сказаў Папа.

Святы Айцец нагадаў свой заклік прымаць, бараніць, падтрымліваць і інтэграваць мігрантаў, змешчаны ў яго апошнім пасланні на Сусветны дзень мігранта і бежанца. Ён заклікаў сваіх гасцей да супрацоўніцтва і канкрэтных дзеянняў, натхнёных прынцыпамі хрысціянскага вучэння.

Адказныя за душпастырства мігрантаў пры епіскапатах, якіх прыняў Францішак, знаходзяцца ў Рыме з нагоды спецыяльнай сустрэчы, арганізаванай Радай Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (CCEE). Яна праходзіць 21-23 верасня 2017 г. з мэтай абмену досведам у прыняцці і інтэграцыі мігрантаў каталіцкімі супольнасцямі ў розных частках кантынента.








All the contents on this site are copyrighted ©.