2017-09-21 14:54:00

Пантыфік пра барацьбу паміж міласэрнасцю і грахом


У сваёй гаміліі, якая прагучала 21 верасня 2019 г. падчас ранішняй св. Імшы ў Ватыкане, Францішак спаслаўся на пакліканне св. Мацвея, чыё свята адзначаецца ў Касцёле. Папа заўважыў, што евангельскае апісанне гэтага моманту змяшчае тры этапы: сустрэчу, вячэру і абурэнне. 

Мацвея, які збіраў падаткі ад ізраільцян, а затым перадаваў іх рымлянам, суайчыннікі лічылі здраднікам Радзімы. А Езус паглядзеў на яго і сказаў: “Ідзі за Мною”. І той устаў і пайшоў за ім, кажа Евангелле. Збаўца зруйнаваў супраціў чалавека, які прагне грошай. “Гэта барацьба паміж міласэрнасцю і грахом”, - падагульніў сцэну Святы Айцец. Ён адзначыў, што любоў Сына Божага атрымала доступ да сэрца гэтага чалавека, таму што прызнаў сваю грэшнасць, ведаў, што ніхто не любіць яго, што ён акружаны пагардай.

Менавіта радасць і шчасце ад пачуцця прабачэння падштурхнула Мацвея запрасіць Езуса на вячэру, на якой сабраліся яго сябры, падобныя на яго грэшнікі і мытнікі. “Гэта было свята міласэрнасці”, - сказаў Францішак.

І тут наступае абурэнне фарысеяў. Яны, убачыўшы, што мытнікі і грэшнікі сядзяць за сталом з Езусам, пыталіся: “Чаму Настаўнік ваш есць і п’е разам з мытнікамі і грэшнікамі?”. Пантыфік адзначыў, што абурэнне заўсёды пачынаецца з пытання: як гэта магчыма? Фарсеі і кніжнікі дасканала ведалі нормы, але забыліся пра запаведзь любові.

Францішак папярэдзіў, што падобнае абурэнне можа ўзнікаць і ў католікаў, таму заахвоціў прысутных на Эўхарыстыі ў капліцы Дому св. Марты: “Ідзіце і пастарайцеся зразумець, што гэта значыць: міласэрнасці хачу, а не ахвяры”. “Варотамі, якія вядуць да сустрэчы з Езусам, з’яўляецца прызнанне сябе такімі, якія мы ёсць на самой справе, і гэта праўда, што мы грэшнікі. А ён прыходзіць, і мы сустракаемся. Як гэта выдатна – сустрэць Езуса!”, - завяршыў гамілію Пантыфік.








All the contents on this site are copyrighted ©.