2017-09-18 12:40:00

Пантыфік сустрэнецца з еўрапейскімі душпастырамі мігрантаў


У пятніцу, 22 верасня, у Ватыкане Святы Айцец будзе прымаць нацыянальных кіраўнікоў душпастырства мігрантаў, паведаміла Рада Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (CCEE). Штогадовы сход біскупаў і дэлегатаў, адказных за гэты сегмент душпастырскай працы пройдзе ў Рыме, у доме “Pastor Bonus”, 21-23 верасня 2017 г. Беларусь на форуме прадстаўляе кс. Віктар Мыслюк, дэлегат Біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, адказнага ў Канферэнцыі Біскупаў у Беларусі за пытанні духоўнага акармлення мігрантаў. 

У дадатак да сустрэчы з папам Францішкам, які вырашыў асабіста кіраваць на ўзроўні Святога Пасаду душпастырствам мігрантаў, узначаліўшы “ad tempus” секцыю па пытаннях мігрантаў і бежанцаў у Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, удзельнікі сходу будуць мець магчымасць сустрэчы з кампетэнтнымі ватыканскімі прадстаўнікамі.

Форум завершыцца ў суботу 23 верасня візітам у цэнтры ў Сан-Саба, якім апякуецца Асацыяцыя “Centro Astalli” – Езуіцкая служба па справах бежанцаў, і які прымае асоб, што просяць аб прызнанні ім афіцыйнага стутусу бежанца і маюць патрэбу ў міжнароднай дапамозе. 

Сустрэча будзе праходзіць за зачыненымі дзвярыма. На яе завяршэнне чакаецца спецыяльны выніковы дакумент, гаворыцца ў паведамленні Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы.








All the contents on this site are copyrighted ©.