2017-09-18 14:41:00

Новая ватыканская дыкастэрыя шукае супрацоўнікаў


Ужо год існуе новая ватыканская Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця. Па словах кардынала-прэфекта Кэвіна Фарэла, сфера яе абавязкаў вельмі шырокая. Яму самаму спатрэбіўся год, каб зразумець, наколькі вялікімі былі дасягненні Папскіх радаў па справах свецкіх і па справах сям’і, дзякуючы  спалучэнню якіх паўстала новая дыкастэрыя. Ён таксама назваў “наватарскай” ідэю Францішка ўключыць сюды пытанні абароны жыцця. Ужо існуе Папская акадэмія “Pro Vita”, якая займаецца гэтай праблематыкай навуковым чынам. Святы Айцец хоча таксама душпастырскага падыходу.

Кардынал прызнаў, што да гэтага часу яму не ўдалося знайсці кваліфікаваных кандыдатаў на пасаду падсакратароў дыкастэрыі, якія б працавалі ў кожнай з яе секцый. Яны павінны быць свецкімі вернікамі. Іерарх хоча падкрэліць міжнародны характар новай структуры, таму шукае кандыдатаў за межамі італьянскага асяроддзя.

Між тым, задачы, якія Святы Айцец паставіў перад дыкастэрыяй, вельмі тэрміновыя для рэалізацыі. Патрэбны новы ўдзел свецкіх вернікаў у жыцці Касцёла. Павінен таксама змяніцца падыход свету і Касцёла да сям’і.

“Трэба прызнаць, што ў сучасным грамадстве існуюць сур’ёзныя праблемы ў гэтых адносінах, - сказаў кардынал Фарэл. – Усе гэта разумеюць. Пачынаючы з неўтаймаванага індывідуалізму, які робіць немагчымай сувязь паміж двума людзьмі, таму што кожны жыве толькі для сябе, і заканчваючы ціскам, які сёння аказваецца на сям’ю. Узяць хаця б эканамічны. Наогул кажучы, нашы грамадствы ўжо не падтрымліваюць сямейнае жыццё. Наша эканоміка не падтрымлівае сям’ю. Сям’я пакінута самой сабе. Былі часы, калі для ўладаў гэта было пытанне нумар адзін: падтрымка сямейнага жыцця. Сёння гэта не так. Сёння мы падтрымліваем індывідуальнасць. Сужэнства гэта ваш асабісты выбар. Гэта сур’ёзная памылка, якую мы ўсё зрабілі”, - лічыць прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця.








All the contents on this site are copyrighted ©.