2017-09-17 12:19:00

Рэформа Рымскай курыі прасунулася дастаткова далёка


Працы па рэформе Рымскай курыі прасунуліся дастаткова далёка, але на канчатковую стадыю працэсу прыйдзецца крыху пачакаць, сказаў у інтэрв’ю каталіцкай газеце “Avvenire” сакратар Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам, біскуп Марчэла Сэмерара.

Іерарх адзначыў, што нарады групы, якая непасрэдна займаецца распрацоўкай змен, запланаваныя да снежня 2018 г. Ён паведаміў, што засталося толькі дзве-тры дыкастэрыі, адносна якіх кардыналы яшчэ не прадставілі свае прапановы Святому Айцу, а ў некаторых выпадках ўжо распрацаваныя прапановы патрабуюць перагляду, у іншых жа, прынятыя змены яшчэ правяраюцца на практыцы. Канчатковыя рашэнні будзе прымаць асабіста Папа. Францішак вырашыў не чакаць завяршэння працы па рэформе і рэалізаваць ужо зараз рашэнні па стварэнні новых інстытутаў, у якіх, на яго думку, існавала найбольш вострая неабходнасць.

Сакратар Рады кардыналаў адзначыў, што гэты орган працуе ў адпаведнасці з такімі крытэрыямі, як лаяльнасць да гісторыі, захаванне правапераемнасці і інавацыйнасць, каб рэагаваць на патрабаванні часу і вызначыць, што сапраўды неабходна для Паўсюднага Касцёла. 

Біскуп Сэмерара падкрэсліў, што ў цяперашні час вядуцца дыскусіі аб ватыканскім Дзяржаўным сакратарыяце. Магчымыя некаторыя змены для яго больш эфектыўнага служэння, тым больш, што Рымская курыя ўжо не можа працаваць па старых узорах. Акрамя таго, шмат месца ў працы групы займае пытанне дыпламатычнай службы супрацоўнікаў Святога Пасаду. 

Біскуп адзначыў, што Рада кардыналаў будзе існаваць нават пасля распрацоўкі новай Апостальскай канстытуцыі па Рымскай курыі, паколькі яе задачай з’яўляецца дапамога Святому Айцу ў кіраванні Паўсюдным Касцёлам.

У склад устаноўленай Францішкам 13 красавіка 2013 г. Рады ўваходзяць кардыналы: Радрыгес Марадз’яга з Гандурасу, Джузэпэ Бэртэла з Італіі, Франсіска Хаўер Эрасурыс Оса з Чылі, Освальд Грасіяс з Індыі, Рэйнхард Маркс з Германіі, Ларан Мансэнгва Пасінья з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, Шон О’Мэлі з ЗША, Джордж Пэл з Аўстраліі і Пьетра Паралін з Італіі. Сакратаром Рады, які не ўваходзіць у яе склад, з’яўляецца біскуп Марчэла Сэмерара з Італіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.