2017-09-17 14:54:00

Папа перад “Анёл Панскі”: чалавек вышэйшы за здзейсненае зло


Да ўдзячнасці за бескарыслівы дар Божага прабачэння, якое павінна адкрываць нас да даравання нашым братам і сёстрам, заахвоціў папа Францішак 17 верасня 2017 г. у Ватыкане ў сваёй медытацыі перад малітвай “Анёл Панскі”.

“Фрагмент Евангелля, які чытаем у сённяшнюю нядзелю (Мц 18, 21-35), прапануе нам вучэнне аб прабачэнні, якое не адмаўляе прычыненай крыўды, але прызнае, што чалавек, створаны на вобраз Бога, заўсёды вышэйшы за здзейсненае зло. - заўважыў Папа - Пётр пытаецца ў Езуса: “Пане, калі мой брат будзе грашыць супраць мяне, колькі разоў я павінен прабачаць яму? Ці аж сем разоў?” (Мц 18, 21). Пятру здаецца, што аднаму і таму ж чалавеку можна дараваць максімальна сем разоў. А нам, магчыма, здаецца што ўжо зашмат прабачыць двойчы. Але Езус адказвае: “Не кажу табе, што аж сем разоў, але ажно семдзесят сем разоў” (Мц 18, 22), гэта значыць заўсёды, заўсёды трэба дараваць. І пацвярджае гэта, распавядаючы прыпавесць пра караля і бязлітаснага слугу, у якой дэманструе безгрунтоўнасць стаўлення таго, які раней атрымаў прабачэнне, а потым адмаўляецца дараваць іншаму чалавеку.

Кароль у прыпавесці з’яўляецца шчодрым чалавекам, які праз сваё спачуванне даруе молячаму слузе вялізны доўг – “дзесяць тысяч талантаў”. Але той жа слуга, як толькі сустрэў іншага слугу, такога ж як ён, які быў вінен сто дынараў – што нашмат менш, – паводзіць сябе жорстка, кідаючы яго ў турму. Супярэчлівае стаўленне слугі з’яўляецца і нашым стаўленнем, калі адмаўляемся прабачыць нашым братам. У той жа час, кароль з прыпавесці з’яўляецца вобразам Бога, Які любіць нас любоўю настолькі міласэрнай, што пастаянна нас прымае, любіць і прабачае.

З моманту нашага хросту Бог дараваў нам, прабачаючы немагчымы для выплаты доўг: першародны грэх. Гэта быў першы раз. Затым, з неабмежаванай міласэрнасцю Ён даруе нам ўсе правіны, калі дэманструем толькі невялікі знак пакаяння. Бог настолькі міласэрны. Калі прыдзе спакуса зачыніць нашыя сэрцы для тых, хто абразіў нас і папрасіў прабачэння, давайце ўспомнім словы Нябеснага Айца да бязлітаснага слугі: “Увесь твой доўг я дараваў табе, таму што ты папрасіў мяне; ці ж не належала і табе змілавацца над сабратам тваім, як і я змілаваўся над табою?” (Мц 18, 32-33). Кожны, хто спазнаў радасць, спакой і ўнутраную свабоду, якія атрымаў з прабачэннем, можа адкрыцца для магчымасці прабачыць іншых.

У малітву “Ойча наш” Езус пажадаў уключыць тое ж вучэнне, якое мы знаходзім у прыпавесці. Ён паставіў у прамой сувязі прабачэнне, што мы просім у Бога, і прабачэнне, якое мы павінны даць нашым братам і сёстрам: “І адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым” (Мц 6, 12). Прабачэнне Бога з’яўляецца прыкметай Яго шчодрай любові да кожнага з нас. Гэта любоў, якая пакідае нам свабоду сыходу, як блудны сын, але якая штодзённа чакае нашага вяртання. Гэта адважная любоў пастыра адносна страчанай авечкі. Гэта пяшчота, якая вітае кожнага грэшніка, што стукае ў яе дзверы. Айцец Нябесны, наш Айцец, поўны любові і хоча прапанаваць нам яе, але не можа зрабіць гэтага, калі мы закрываем нашыя сэрцы на любоў да іншых людзей.

Няхай Дзева Марыя дапаможа нам быць больш свядомымі бескарыслівасці і прыгажосці прабачэння, атрыманага ад Бога, каб стаць міласэрнымі, як Ён, Добры Айцец, цярплівы і поўны міласэрнасці”, - сказаў Пантыфік.

Пасля марыйнай малітвы Папа пажадаў усім добрай нядзелі і заклікаў да малітвы ў сваёй інтэнцыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.