2017-09-16 14:02:00

Пантыфік да місіянераў: не паддавацца спакусе клерыкалізма


Клапаціцца аб страчаных і параненых верніках, працаваць на карысць справядлівасці, праяўляць салідарнасць з усімі слабымі і беднымі, дарыць надзею і годнасць абяздоленым, ісці наперад туды, дзе людзі маюць патрэбу ў разуменні і дапамозе – такі заклік прагучаў 16 верасня ў Ватыкане з вуснаў папы Францішка падчас яго сустрэчы з членамі Генеральнага капітула манаскай Кангрэгацыі Місіянераў Найсвяцейшага Сэрца Езуса. 

Пантыфік назваў гэта “першым Евангеллем”, якое Касцёл даручае законнікам, пасылаючы іх у якасці місіянераў у свет: каб дэманстравалі жыццём і працай гарачую і пяшчотную любоў Бога да самых малых, абяздоленых, уразлівых і адчужаных светам.

Хоць многія манаскія кангрэгацыі адзначаюць зніжэнне колькасці пакліканняў у Еўропе, іх становіцца ўсё больш і больш у Паўднёвай Амерыцы, Акіяніі і Азіі, што дае надзею на сучаснасць і будучыню, адзначыў Святы Айцец. Цудоўна, што знаходзяцца людзі, які хочуць вучыць новыя пакаленні сапраўдным чалавечым каштоўнасцям і культываваць у іх евангельскае бачанне жыцця і гісторыі. Многія лічаць, што сёння існуе сапраўдная “надзвычайная адукацыйная сітуацыя”, сказаў Пантыфік.

Францішак заклікаў законнікаў “не паддавацца спакусе клерыкалізма”. “Няхай ваша сумеснае жыццё адзначаецца сапраўдным братэрствам, якое вітае разнастайнасць і каштоўнасць кожнага. Не саромейцеся працягваць і пашыраць зносіны з свецкімі вернікамі, якія ўдзельнічаюць у вашым апостальстве. Няхай яны падзяляюць вашы ідэалы і праекты, а таксама багатую духоўнасць, якая вынікае з харызмату вашага інстытута”, - пажадаў Папа ў сваёй прамове да законнікаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.