2017-09-15 11:37:00

Францішак: апустыньванне – цяжкая экалагічная праблема


Апустыньванне – гэта цяжкі экалагічны крызіс нашага часу, падкрэсліў Святы Айцец у пасланні да ўдзельнікаў 13-й Канферэнцыі Бакоў Канвенцыі ААН па барацьбе з апустыньваннем. Яна праходзіць 6-16 верасня 2017 г. у горадзе Ордас, у кітайскім аўтаномным рэгіёне Унутраная Манголія.

У прывітальным звароце, скіраваным за подпісам кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна, Францішак высока ацаніў намаганні ўдзельнікаў форума, накіраваныя на спрыянне скаардынаванаму падыходу да вырашэння праблемы апустыньвання.

Святы Айцец падзякаваў уладам Кітая, за правядзенне канферэнцыі на сваёй тэрыторыі. Ён выказаў радасць з той прычыны, што форум мае на мэце “абудзіць інтарэс і адказнасць моладзі за вялікае заданне ператварэння пустыні ў сад”, а таксама стымуляваць міжнародную супольнасць да больш адказнага ажыццяўлення прынятых экалагічных рэзалюцый.

Цытуючы сваю энцыкліку “Laudato si’”, Папа падкрэсліў, што апустыньванне, можна параўнаць з “фізічнай хваробай, якая закранае асабіста кожнага чалавека”. Кожны павінен пераадолець унутраную пустыню, прычына якой заключаецца ў няздольнасці любіць Бога і бліжняга, а таксама ў занядбанні “нашай ролі ахоўнікаў усяго таго, што Стварыцель нам даверыў і працягвае” давяраць, напісаў ён.

Францішак пажадаў, каб Канферэнцыя ў Кітаі “кіравалася інтэгральным падыходам, які аб’яднае тэму апустыньвання з больш агульнымі маральнымі тэмамі, такім як галеча, слабаразвітасць і справядлівасць паміж пакаленнямі”, што, у сваю чаргу, паўплывае на духоўнае і маральнае здароўе сусветнай супольнасці.

Канвенцыя па барацьбе з апустыньваннем была прынята ў 1994 г. у Парыжы, падчас Канферэнцыі ААН па навакольным асяроддзі і развіцці. Канферэнцыя Бакоў з’яўляецца яе вышэйшым органам, які прымае рашэнні, неабходныя для эфектыўнага ажыцяўлення гэтай дамовы. Яе ўдзельнікі збіраюцца на нараду кожныя два гады.








All the contents on this site are copyrighted ©.