2017-09-15 11:26:00

Пантыфік: сузіраць Панну Марую ля падножжа крыжа


Сузіраць Маці Божую ля падножжа крыжа, заклікаў Францішак 15 верасня 2017 г. – у літургічны ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі Балеснай – падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую цэлебраваў у капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі, Доме св. Марты. 

У сваёй кароткай гаміліі ён заўважыў, што нягледзячы на крыжовую смерць Езус быў пераможцам. “Гэта супярэчнасць, якую цяжка зразумець... Патрэбна вера, каб пазнаць або прынамсі наблізіцца да гэтай таямніцы”, - сказаў Папа.

Паводле яго, Марыя ведала аб будучых пакутах свайго Сына і таму ўсё сваё жыццё пражыла з параненай душой. Яна заўсёды ішла за Езусам і чула ўсе каментары людзей. Адны былі “за”, іншыя “супраць”, але Яна заўсёды стаяла за Ім. Таму “мы называем Яе першай вучаніцай”, падкрэсліў Францішак. 

Напрыканцы Маці апынулася ля падножжа крыжа свайго Сына. Магчыма, у той момант Яна чула каментары накшталт: “Паглядзіце, гэта маці аднаго з тых трох злачынцаў”. Але Яна была там дзеля Сына.

“Тое, што я кажу зараз, усяго толькі нязначныя словы, каб дапамагчы ў цішыні сузіраць гэту таямніцу. У тую хвіліну Яна нарадзіла ўсіх нас – нарадзіла Касцёл. “Жанчына”, кажа Ёй Сын, “вось дзеці Твае”. Не кажа “Маці”, але “жанчына”. Моцная, адважная жанчына; жанчына, якая была там, каб сказаць: “Гэта Сын мой. Не выракуся Яго”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Напрыканцы гаміліі ён заўважыў, што літургічны евангельскі ўрывак, які кажа аб прысутнасці Марыі ля падножжа крыжа, прызначаны не столькі для таго, каб над ім разважаць, колькі для сузірання. “Няхай Святы Дух скажа кожнаму з нас, тое, у чым мы маем патрэбу”, - пажадаў вернікам папа Францішак.  








All the contents on this site are copyrighted ©.