2017-09-11 10:13:00

Папа да народу Калумбіі: зрабіць першы крок да міру


Для прымірэнне не дастаткова толькі дамоваў паміж палітычнымі класамі. Гэты працэс павінен тычыцца ўсіх членаў грамадства, сказаў Францішак вечарам 10 верасня 2017 г. падчас Эўхарыстыі, якую цэлебраваў на тэрыторыі картахенскага порту ў Калумбіі. Урачыстая св. Імша стала апошняй падзеяй у рамках яго візіту ў гэту лацінаамерыканскую краіну.

У гаміліі Папа спаслаўся на евангельскую гісторыю пра добрага пастыра, які пакінуў 99 авечак, каб адшукаць адну, згубленую. Ён нагадаў, што “не існуе нікога настолькі згубленага, каб не заслугоўваў нашага клопату, нашай блізкасці і нашага прабачэння”. У такой перспектыве менавіта ахвяра граху “паклікана ўзяць ініцыятыву ў свае рукі, каб той, хто зрабіў зло не згубіўся”. Хто бярэ ініцыятыву – той больш мужны, сказаў Францішак калумбійцам, якія на працягу апошніх 50-гадоў пакутавалі ад крывавага грамадзянскага канфлікту.

Святы Айцец нагадаў, што падчас прабывання ў гэтай краіне пачуў мноства сведчанняў людзей, якія здолелі выйсці насустрач тым, хто рабіў ім зло. Яны дагэтуль маюць жудасныя раны, якія носяць на сваім целе, спазналі страты, якія немагчыма вярнуць і якія дагэтуль выклікаюць слёзы, але няглядзячы на гэта зрабілі першы крок на шляху, які адрозніваецца ад таго, якім шлі раней.

Прымірэнне і супакой, гэта працэс у якім павінны ўдзельнічаць усе члены калумбійскага грамадства. Не дастаткова толькі інстытуцыйных дамоваў паміж палітычнымі і эканамічнымі групамі. Прымірыцца павінен народ, а не пэўны сацыяльны клас, фракцыя, група ці эліта, лічыць Пантыфік.

“Нішто не можа замяніць сустрэчы прымірэння; ніякі калектыўны працэс не вызваляе нас ад абавязку сустрэчы, узаемнага тлумачэння і прабачэння”, - сказаў ён і дадаў, што гэтаму працэсу павінна спадарожнічаць устанаўленне справялівасці, праўды, выпраўленне прычыненай шкоды і рашучыя дзеянні, якія дапамогуць прадухіліць паўтарэнне падобных злачынстваў у будучыні. Прымірыцца, такім чынам, не азначае маўчаць аб тым, што адбылося, або ўтойваць праўду і адказнасць. 

На заканчэнне гаміліі Святы Айцец заўважыў, што існуюць людзі, якія працягваюць трываць у грахах, што раняць мірнае суіснаванне і грамадства. У першую чаргу ён узгадаў пра праблему наркатрафіку. “Рашуча асуджаю гэту загану, ахвярамі якой стала вялікае мноства людзей і якая падтрымліваецца людзьмі без сумлення. Заклікаю спыніць гандль наркотыкамі, які сее паўсюль толькі смерць і разбівае вялікую колькасць сем’яў”, - сказаў Папа. 

Ён таксама заклікаў адказаць на знішчэнне і забруджванне навакольнага асяроддзя, трагедыю сучаснага рабства, незаконныя перамяшчэнні грошай і фінансавую спекуляцыю, прастытуцыю, гандль людзьмі, злачынствы і злоўжыванні супраць непаўналетніх, драму мігрантаў. “Калі Калумбія прагне стабільнага і доўгатрывалага міру, павінна неадкладна зрабіць крок у кірунку супольнага дабра, справядлівасці, павагі да прыроды чалавека і яго патрэбаў”, - падкрэсліў у сваёй гаміліі Святы Айцец.

Пасля св. Імшы Папа накіраваўся ў аэрапорт Картахены адкуль выляцеў у Рым. Падчас кароткай развітальнай цырымоніі ён прызнаўся, што быў глыбока крануты шматлікімі сустрэчамі, якія прайшлі падчас яго візіту, падзякаваў калумбійцам за гасціннасць і заклікаў працягваць крочыць у кірунку братэрства.

Пілігрымка ў Калумбію стала 20-м міжнародным падарожжам Францішка і пятым у Лацінскую Амерыку. Яна праходзіла 6-10 верасня 2017 г. пад дэвізам “Зробім першы крок”.








All the contents on this site are copyrighted ©.