2017-09-10 11:22:00

Папа засмучаны смерцю кардынала Дэ Паоліса


Францішак выказаў свае спачуванні ў сувязі са смерцю італьянскага кардынала Велазіа Дэ Паоліса, які адышоў у вечнасць 9 верасня 2017 г. у Рыме ў 81-гадовым узросце. На працягу доўгіх гадоў ён пакутаваў ад цяжкой хваробы, якую зносіў спакойна і давяраючы волі Пана, заўважыў у сваёй спачувальнай тэлеграме Папа.

Святы Айцец з удзячнасцю ўзгадаў служэнне кардынала Дэ Паоліса, яго асаблівую кампетэнцыю ў сферы касцёльнага права, шматгадовую выкладчыцкую дзейнасць у Папскіх універсітэтах на карысць выхавання маладых пакаленняў, асабліва святароў.

Пантыфік адзначыў, што памерлы іерарх  заўсёды даваў сведчанне святарскай руплівасці і вернасці Евангеллю падчас сваёй працы ў структурах Апостальскай Сталіцы, спачатку на пасадзе сакратара Найвышэйшага Трыбуналу Апостальскай Сігнатуры, затым у якасці старшыні Прэфектуры эканамічных спраў Апостальскай Сталіцы, а таксама пры выкананні іншых далікатных заданняў.

Кардынал Велазіа Дэ Паоліс нарадзіўся 19 верасня 1935 г. у горадзе Саніна, у цэнтральнай Італіі. У 23-гадовым узросце ўступіў у Святарскае брацтва св. Карла Барамэа. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў 18 сакавіка 1961 г. 

Праз чатыры гады будучы высокі ватыканскі іерарх атрымаў доктарскую навуковую ступень у галіне кананічнага права ў Папскім грыгарыянскім універсітэце. Затым абараніў дысертацыю па тэалогіі ў Папскім універсітэце св. Тамаша Аквінскага ў Рыме і па праве ў рымскім універсітэце “Ля Сапіенца”.

Шмат гадоў ён прысвяціў выкладчыцкай дзейнасці, напісаў больш за 200 кніг і артыкулаў, зрабіў значны ўнёсак у дыскусіі аб канкрэтных пытаннях кананічнага права. Велазіа Дэ Паоліс быў кансультантам у розных дыкастэрыях Рымскай курыі.

30 снежня 2003 г. папа Ян Павел ІІ прызначыў яго сакратаром Найвышэйшага Трыбуналу Апостальскай Сігнатуры, а праз год ён атрымаў біскупскую сакру з рук тагачаснага Дзяржсакратара Яго Святасці Папы кардынала Анджэла Садана.

12 красавіка 2008 г. папа Бэнэдыкт XVI прызначыў іерарха арцыбіскупам і старшынёй Прэфектуры па эканамічных пытаннях Апостальскай Сталіцы. Гэту пасаду ён займаў да 2011 г. У 2010 г. атрымаў кардынальскую годнасць

Пасля смерці кардынала Велазіа Дэ Паоліса Калегія кардыналаў складаецца з 220 іерархаў, з якіх 120 выбаршчыкаў і 100 без права голасу на канклаве.








All the contents on this site are copyrighted ©.