2017-09-09 16:07:00

Францішак: Касцёл належыць не нам, а Богу


У Калумбіі шмат сітуацый, якія патрабуюць ад вернікаў стылю жыцця Езуса, асабліва любові, якая выражаецца ў актах ненасілля, прымірэння і супакою, сказаў Францішак 9 верасня 2017 г. падчас св. Імшы ў горадзе Медэльін. Літургія з Пантыфікам прайшла ва ўспамін апекуна гэтай лацінаамерыканскай краіны, св. Пэдра Клавера – езуіта, місіянера і апостала чорнаскурых рабоў.

Папа прыбыў у Медэльін, які знаходзіцца ў 215 км ад Багаты, на самалёце авіякампаніі "Avianca". На верталёце ён павінен быў дабрацца да лётнага поля аэрапорта імя Энрыке Олая Эрэра, каб там цэлебраваць св. Імшу, аднак па прычыне кепскага надвор'я пералёт аказаўся немагчымы. Тады Святы Айцец скарыстаўся папамабілем, пераадолеўшы на ім каля 35 км і вітаючы тысячы вернікаў, што сабраліся ўздоўж дарогі. Медэльін называюць "Горадам вечнай вясны" за вельмі лагодны клімат, але на працягу некалькіх апошніх дзён ва ўсім рэгіёне працягваюцца моцныя дажджы. Гэта, аднак, не перашкодзіла вялікай колькасці людзей прыняць удзел у Эўхарыстыі з Папам – на Імшы прысутнічала каля мільёна чалавек.

У сваёй гаміліі Францішак патлумачыў вернікам, што значыць быць сапраўднымі вучнямі Езуса. У першую чаргу гэта значыць імкнуцца да таго, што з’яўляецца па-сапраўднаму важным і каштоўным у жыцці. Езус вучыць нас, што адносіны з Богам не могуць быць халоднай прывязанасцю да нормаў і законаў і нават здзяйсненнем знешніх актаў, якія не вядуць да змены жыцця, сказаў Папа.

Трэба мець досвед сяброўскай, жывой і дзейснай прысутнасці Пана, пастаянна вучыцца з дапамогай слухання Ягонага слова і адказваць на канкрэтныя патрэбы братоў, дадаў Пантыфік.

Іншы заклік Папы – да абнаўлення. Сёння Святы Дух падштурхоўвае Касцёл выйсці з зоны камфорту і прывязанасцяў. Абнаўленне не павінна палохаць. Яно патрабуе ад хрысціян адвагі і мужнасці, але не для таго, каб сталі лепшымі і бязгрэшнымі, але каб лепш адказаць на пакліканне Езуса, падкрэсліў ён.

Святы Айцец заклікаў калумбійскіх вернікаў па-сапраўднаму ўключыцца ў патрэбы іншых, нават калі камусьці здаецца, што гэта значыць “забрудзіцца” ці “запляміцца”. Трэба выйсці насустрач людзям, якія маюць прагненне Бога і не перашкаджаць ім сустрэцца з Панам. Мы не можам быць хрысціянамі, якія пастаянна ўздымаючы таблічку з надпісам “Праход забаронены”. 

Касцёл – гэта не наша ўласнасць, а Бога. Мы толькі слугі, нагадаў вернікам Папа і заклікаў браць прыклад са св. Пэдра Клавэра, які не мог заставацца абыякавым да пакутаў самых пакінутых і прыгнечаных людзей свайго часу і будучы вучнем Езуса імкнуўся дзейнічаць, каб дапамагчы ім.








All the contents on this site are copyrighted ©.