2017-09-09 12:00:00

Пантыфік выдаў дакумент аб перакладзе літургічных кніг


Папа Францішак удакладніў кампетэнцыі Апостальскай Сталіцы і мясцовых епіскапатаў адносна зацвярджэння перакладаў літургічных кніг на сучасныя мовы. Адмысловы дакумент у форме “motu proprio” пад назвай “Magnum Principium” быў апублікаваны 9 верасня 2017 г. у Ватыкане. 

Святы Айцец унёс удакладненні ў канон 838 Кодэксу кананічнага права Каталіцкага Касцёла. У яго 2 параграфе гаварыцца аб кампетэнцыях Апостальскай Сталіцы здзейсняць разгляд дастасаванняў пры перакладзе літургічных кніг, зацверджаных мясцовымі Касцёламі. Раней у кампэтэнцыю Святога Пасаду ўваходзіла ўхваленне іх перакладу. 

Поўны тэкст новай версіі параграфу гучыць так: “У кампетэнцыю Апостальскай Сталіцы ўваходзіць кіраванне святой Літургіяй ва ўсім Касцёле, выданне літургічных кніг, разгляд дастасаванняў, зацверджаных згодна з правам Канферэнцыі Біскупаў, а таксама нагляд за тым, каб літургічныя нормы верна захоўваліся паўсюль”.

Удакладненні былі таксама ўнесены ў 3 параграф канона 838, які тычыцца кампетэнцый мясцовых епіскапатаў. Цяпер ён гучыць так: “Задача біскупскіх канферэнцый – верна рыхтаваць версіі літургічных кніг на сучасных мовах, належна дастасаваныя ў рамках усталяваных межаў, зацвярджаць іх і выдаваць літургічныя кнігі для рэгіёнаў, якія ўваходзяць у іх кампетэнцыю, пасля згоды Апостальскай Сталіцы”. Згода з боку Святога Пасаду ў дадзеным кантэксце павінна разумецца як ратыфікацыя зацвярджэння, зробленага біскупамі.

Дакумент “Magnum Principium” быў падпісаны папам Францішкам 3 верасня 2017 г. і ўвойдзе ў сілу 1 кастрычніка 2017 г. 








All the contents on this site are copyrighted ©.