2017-09-07 05:46:00

Францішка ўрачыста прывіталі ў Багаце


Цырымонія прывітання Пантыфіка прайшла на лётным полі ваеннага аэрадрому "СATAM", у ваколіцах Багаты. Самалёт з Папам на борце прызямліўся на калумбійскай зямлі 6 верасня 2017 г. каля 16.00 па мясцовым часе – на поўгадзіны раней чым планавалася, нягледзячы на тое, што маршрут палёту быў зменены па прычыне ўрагану "Ірма", які абрынуўся на рэгіён Карыбскага басейну.

Перад трапам Святога Айца сустракаў прэзідэнт Калумбіі Хуан Мануэль Сантас Кальдэрон з жонкай, якіх суправаджаў арцыбіскуп Этторэ Балестрэра, Апостальскі нунцый у гэтай лацінаамерыканскай краіне. Затым Папу прывітала група дзяцей, першым з якіх быў сын калумбійскага палітыка Клары Рохас – выкрадзенай у 2002 г. баевікамі "Рэвалюцыйных узбоеных сіл Калумбіі". Ён нарадзіўся калі маці знаходзілася ў палоне. Хлопец быў адабраны ад яе і адданы на выхаванне ў сялянскую сям'ю. Клара Рохас правяла ў няволі шэсць гадоў, а адшукаць і вярнуць сына змагла толькі праз тры гады пасля вызвалення. Пантыфіку ён падарыў фарфоравую статуэтку белага голуба.

Пасля прадстаўлення афіцыйных дэлегацый Папа цёпла прывітаў групу хворых і людзей з абмежаванымі магчымасцямі, асабліва дзяцей, а таксама некаторых ахвяр грамадзянскай вайны, цывільных асобаў і вайскоўцаў. Група моладзі выканала для яго традыцыйныя народныя танцы.

Некалькі сотняў тысяч чалавек віталі Святога Айца па дарозе ў нунцыятуру ў Багаце – тут ён спыніўся на час свайго прабывання ў Калумбіі. Пятнаццаць кіламетраў шляху Францішак праехаў на папамабіле. Яго ўрачысты ўезд у сталіцу трансліравалі ў прамым эфіры мясцовыя тэлеканалы. У многіх крамах былі ўключаны тэлевізары, таму ўбачыць высокага госця маглі ўсе жадаючыя.

Перад дыпламатычным прадстаўніцтвам Апостальскай Сталіцы Пантыфік сустрэў групу маладых вернікаў, якія прывіталі яго традыцыйнымі спевамі і танцамі. Сярод іх былі некаторыя "складаныя падлеткі" – юнакі і дзяўчаты, што спазналі ў сваім жыцці беднасць, пакінутасць, залежнасці. Акрамя сваёй радасці яны падарылі Францішку понча – традыцыйнае калумбійскае аддзенне. Папа, у сваю чаргу, заклікаў іх ніколі не дазволіць скрасці ў сябе надзею.

7 верасня Пантыфік сустрэнецца з уладамі краіны і здзейніць пратакольны візіт да Прэзідэнта, а затым наведае мясцовую катэдру, сустрэнецца з епіскапатам і кіраўніцтвам Рады Біскупскіх Канферэнцый Лацінскай Амерыкі, а таксама будзе цэлебраваць св. Імшу ў сталічным парку імя Сімона Балівара. 








All the contents on this site are copyrighted ©.