2017-09-07 18:02:00

Папа спачувае ў сувязі са смерцю кардынала Карла Кафары


Папа скіраваў спачувальную тэлеграму ў сувязі са смерцю італьянскага кардынала Карла Кафары, арцыбіскупа Балонні на пенсіі. Іерарх адышоў у вечнасць 6 верасня 2017 г. у 79-гадовым узросце пасля працяглай хваробы.

“З цёплымі пачуццямі я думаю пра гэтага дарагога брата ў біскупстве, які з радасцю служыў Евангеллю і моцна любіў Касцёл. З удзячнасцю памятаю пра шчодрую пастырскую справу, здзейсненую ім, спачатку ў якасці заснавальніка і выкладчыка Папскага інстытута Яна Паўла ІІ па даследваннях шлюбу і сям’і, потым як руплівага пастыра архідыяцэзіі Ферара-Камакьё, і затым, як клапатлівага і мудрага кіраўніка гэтай архідыяцэзіі”, - напісаў Францішак і запэўніў у малітве за памерлага іерарха.

Кардынал Карла Кафара нарадзіўся 1 чэрвеня 1938 г. у горадзе Бусэта, на поўначы Італіі. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1961 г. Абараніў доктарскую дысертацыю па кананічным праве ў Папскім грыгарыянскім універсітэце і магістарскую дысертацыю па маральнай тэалогіі ў Папскай альфонсіянскай акадэміі. Займаўся душпастырствам і выкладчыкай дзейнасцю. 

Сферай яго інтарэсаў была тэма сям’і і сужэнства. Ён выкладаў медыцынскую этыку ў Каталіцкім універсітэце Найсвяцейшага Сэрца ў Рыме, а ў 1978 г. быў прадстаўніком Апостальскай Сталіцы па першым Сусветным кангрэсе па бясплоднасці і штучным апладненні. У 1980 г. Ян Павел ІІ прызнаначыў іерарха экспертам на Сінодзе Біскупаў аб сям’і і сужэнстве, а праз год даручыў яму стварэнне і кіраванне Папскім інстытутам па даследваннях шлюбу і сям’і.

У 1995 г. Карла Кафара стаў арцыбіскупам Ферара-Камакьі, а ў 2001 г. – арцыбіскупам Балонні. Кардынальскую годнасць атрымаў у 2006 г.

Пасля смерці кардынала Кафары Калегія кардыналаў налічвае 221 іерарха, з якіх 120 з’яўляюцца выбаршчыкамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.