2017-09-06 11:00:00

Святы Айцец пачаў падарожжа ў Калумбію


Францішак пачаў падарожжа ў Калумбію. 6 верасня 2017 г. у 11.00 па рымскім часе самалёт італьянскай авіякампаніі “Alitalia” з Пантыфікам на борце вылецеў з аэрапорта “Fiumicino” у напрамку Багаты. Палёт працягнецца больш за дванаццаць гадзін і будзе даўжэй, чым планавалася спачатку. У сувязі з ураганам у рэгіёне Карыбскага мора Папа праляціць не толькі над тэрыторыяй Італіі, Францыі, Іспаніі, Партугаліі (Азорскія астравы), ЗША (Пуэрта-Рыка), Нідэрландскіх Антыльскіх астравоў, Венесуэлы і Калумбіі, але таксама над Барбадосам, Грэнадай і Трынідад і Табага. 

Вечарам 5 верасня 2017 г. Святы Айцец наведаў базыліку Санта-Марыя-Маджорэ, дзе памаліўся ў інтэнцыі свайго падарожжа перад абразом Маці Божай Апякункі рымскага народу. 

Просьбу аб малітве ён таксама скіраваў праз свой профіль у сацыяльнай сетцы “Twitter”. “Дарагія сябры, прашу, маліцеся за мяне і ўсю Калумбію, куды накіруюся ў падарожжа пад знакам паяднання і супакою”, - напісаў Папа.

Пілігрымка пройдзе 6-11 верасня 2017 г. Яна стане 20-м міжнародным падарожжам Францішка і пятым у Лацінскую Амерыку. Раней у гэтай частцы свету ён наведваў Бразілію, Эквадор, Балівію, Парагвай, Кубу і Мексіку. 

Візіт будзе насіць душпастырскі характар. Яго дэвіз: “Зробім першы крок” з’яўляецца заклікам да прымірэння, якога калумбійскі народ патрабуе пасля больш чым 50-гадовай грамадзянскай вайны. Аб рашэнні Папы наведаць гэту краіну было абвешчана 10 сакавіка 2017 г. або праз дзевяць месяцаў пасля падпісання ў Гаване мірнага пагаднення паміж галоўнымі бакамі супрацьстаяння – уладамі і групоўкай “Рэвалюцыйныя ўзброеныя сілы Калумбіі” (FARC).








All the contents on this site are copyrighted ©.