2017-09-05 11:23:00

Папа: як Маці Тэрэза адкрыем церпячым гарызонты надзеі


“Як Маці Тэрэза адкрыем гарызонты радасці і надзеі для шматлікіх людзей, якія пазбаўлены даверу і патрабуюць разумення і спагады”, - заклікаў папа Францішак праз свой профіль у сацыяльнай сетцы “Twitter”. Сваё кароткае паведамленне ён прымеркаваў да літургічнага ўспаміну заснавальніцы Сясцёр Місіянерак Божай Любові, які адзначаецца 5 верасня – у дзень яе адыходу ў вечнасць.

Маці Тэрэза прыйшла на свет як Аньезэ Гонджа Баяджыў. Яна нарадзілася 26 жніўня 1910 г. у Скоп’е, у албанскай сям’і. Ва ўзросце 18 гадоў уступіла ў кангрэгацыю сясцёр ларэтанак. Праз год адправілася ў Індыю, дзе была настаўніцай у школе для дзяўчынак. Для служэння самым бедным і кінутым, заснавала ў 1949 г. Кангрэгацыю Сясцёр Місіянерак Божай Любові, якая ў цяперашні час налічвае больш чым 5 тыс. членаў у 133 краінах на ўсіх кантынентах. 

У 1963 г. Маці Тэрэза заснавала мужчынскую манаскую кангрэгацыю Братоў Місіянераў Любові. У 1979 г. яна была ўдастоена Нобелеўскай прэміі міру. Памерла 5 верасня 1997 г. у Калькуце. Ян Павел II абвясціў яе благаслаўлёнай 19 кастрычніка 2003 г.

Кананізацыя Маці Тэрэзы прайшла 4 верасня 2016 г. на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. У св. Імшы, якую папа Францішак цэлебраваў з гэтай нагоды, прынялі ўдзел каля 120 тыс. чалавек. "Богу падабаюцца ўсе ўчынкі міласэрнасці, бо ў брату, якому дапамагаем распазнаём аблічча Бога, якога ніхто не можа бачыць. Кожны раз, калі схіліліся над патрэбай братоў, мы далі есці і піць Езусу: апранулі, падтрымалі і адведалі Божага Сына", - сказаў тады Святы Айцец у сваёй гаміліі.








All the contents on this site are copyrighted ©.