2017-09-03 13:00:00

Былыя студэнты Бэнэдыкта XVI разважалі над тэмай мучаніцтва


1-3 верасня 2017 г. у Рыме прайшло штогадовае пасяджэнне “Кола вучняў Ратцынгера” – аб’яднання паплечнікаў і былых студэнтаў Ёзэфа Ратцынгера, сённяшняга Папы па пенсіі Бэнэдыкта XVI. Сёлетняя сустрэча была прысвечана тэме мучаніцтва і пераследу хрысціян. 

Асноўнымі дакладчыкамі на ёй выступілі: нямецкі святар, кс. Гельмут Моль і аўстрыйскі біскуп Манфрэд Шоер, пастыр дыяцэзіі Лінц. Абодва з’яўляюцца аўтарамі даследванняў на тэму мучаніцтва. 

Пад рэдакцыяй кс. Моля быў апублікаваны “Нямецкі мартыралог”, які распавядае аб лёсе 900 нямецкіх мучанікаў ХХ стагоддзя. У сваю чаргу біскуп Шоер з’яўляецца пастулятарам беатыфікацыйнага працэсу бл. Франца Эгерштэтэра – аўстрыйскага свецкага верніка, главы сям’і, пакаранага смерцю за адмову служыць у гітлераўскай арміі.

Перад былылі вучнямі кардынала Ёзэфа Ратцынгера выступіў таксама прадстаўнік Копцкага Каталіцкага Касцёла, епіскап Анба Кірылас Вільям, які распавёў пра пераслед вызнаўцаў Хрыста на Блізкім Усходзе.

“Кола вучняў Ратцынгера” існуе з 1971 г. Яно аб’ядноўвае асоб, які пісалі свае доктарскія працы пад кіраўніцтвам сённяшняга Папы на пенсіі або былі яго асістэнтамі, калі ён займаўся выкладчыцкай дзейнасцю. Перш чым кардынал Ёзаф Ратцынгер стаў прэфектам Кангрэгацыі Веравучэння, тэолагі сустракаліся раз у месяц. Зараз семінары праводзяцца раз у год. Пасля таго, як Бэнэдыкт XVI адмовіўся ад пасады Біскупа Рыма, ён перастаў прымаць у іх удзел, але заўсёды знаходзіць час, каб пазнаёміцца з вынікамі тэалагічных разважанняў сваіх былых студэнтаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.