2017-09-02 12:54:00

Папа смуткуе ў сувязі са смерцю кардынала Мёрфі-О’Конара


Папа Францішак выказаў свой смутак і сардэчныя спачуванні ў сувязі са смерцю арцыбіскупа Вэстмінстэрскага па пенсіі, кардынала Кормака Мёрфі-О’Конара. 85-гадовы іерарх адышоў у вечнасць 1 верасня 2017 г. пасля працяглай хваробы.

“З вялікай удзячнасцю ўзгадваючы выбітнае служэнне памерлага кардынала Касцёла ў Англіі і Уэльсе, яго непахісную адданасць у абвяшчэнні Евангелля і клопат аб бедных, а таксама яго нязломную вернасць справе развіцця экуменічнага і міжканфесійнага паразумення, я з радасцю далучаюся да вашай малітвы аб тым, каб даручыць гэту шляхетную душу бясконцай міласэрнасці нашага Нябеснага Айца”, - напісаў Пантыфік у спачувальнай тэлеграме, скіраванай на імя арцыбіскупа Вэстмінстэрскага, кардынала Вінсэнта Нікалса.

Кардынал Кормак Мёрфі-О’Конар нарадзіўся 24 жніўня 1932 г. у англійскім горадзе Рэдынг. Вучыўся ў Папскім грыгарыянскім універсітэце ў Рыме. Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў у 1956 г. з рук тагачаснага прэфекта Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця, кардынала Валерыа Валеры. Душпастырскае служэнне здзейсняў у парафіях на тэрыторыі Англіі. У 1977 г. быў прызначаны біскупам Арундэла-Брайтанскім. З 1982 па 2000 гг. быў сустаршынёй Міжнароднай камісіі па ўзаемадзеянню паміж Англіканскай Царквой і Каталіцкім Касцёлам. 

15 лістапада 2000 г. ён быў прызначаны арцыбіскупам Вэстмінстэрскім і выбраны старшынёй Канферэнцыі Біскупаў Англіі і Уэльса. Праз год ён стаў членам Калегіі кардыналаў. У адстаўку з пасады арцыбіскупа Вэстмінстэрскага сышоў у 2009 г. Удзельнічаў у канклаве 2005 г., які выбраў Бэнэдыкта XVI.








All the contents on this site are copyrighted ©.