2017-08-31 13:12:00

Францішак: католікі і юдэі здолелі стаць бліжэй


Католікі і юдэі “перажываюць плённы перыяд дыялогу”, падкрэсліў папа Францішак падчас аўдыенцыі для прадстаўнікоў Канферэнцыі еўрапейскіх рабінаў, Рабінскага савету Амерыкі і Камісіі Вялікага рабінату Ізраіля па дыялогу з Апостальскай Сталіцай. Сустрэча прайшла 31 жніўня 2017 г. у Ватыкане.

Падчас яе адзначаўся значны прагрэс у стасунках паміж двума рэлігіямі, пачатак якому дала дэкларацыя Другога Ватыканскага Сабору “Nostra Aetate”. Францішак назваў яе “вялікай хартыяй” дыялогу з юдаізмам. “На працягу апошніх дзесяцігоддзяў мы здолелі стаць бліжэй дзякуючы эфектыўнаму і плённаму дыялогу. Мы паглыбілі наша ўзаемнае знаёмства і ўмацавалі нашы сяброўскія сувязі”, - дадаў ён.

Прадстаўнікі юдаізму ўручылі Святому Айцу дакумент “Паміж Іерусалімам і Рымам”, які быў распрацаваны Канферэнцыяй еўрапейскіх рабінаў у супрацоўніцтве з іншымі рабінскімі арганізацыямі з нагоды 50-годдзя “Nostra Aetate”. У ім гаворка вядзецца аб гісторыі адносінаў паміж католікамі і юдэямі, аб уплыве саборавай Дэкларацыі на міжрэлігійныя стасункі і перспектывы узаемаадносін паміж юдаізмам і каталіцтвам.

Францішак заўважыў, што ў дакуменце католікі называюцца “партнёрамі, блізкімі саюзнікамі, сябрамі і братамі ў сумесным пошуку лепшага свету, які мог бы радавацца міру, сацыяльнай справядлівасці і бяспецы”. Акрамя таго, тут утрымліваецца сцвярджэнне, што “нягледзячы на глыбокія тэалагічныя адметнасці, католікі і юдэі падзяляюць тыя ж самыя перакананні”. Гэта важна, падкрэсліў Папа і паставіў у прыклад сцвярджэнне аб тым, што для таго, каб уплываць і натхняць рэлігіі павінны прыбягаць да маральных паводзінаў і рэлігійнага выхавання, а не да войнаў, прымусу і сацыяльнага ціску.

На заканчэнне сустрэчы Пантыфік падзякаваў сваім гасцям за візіт і папрасіў аб малітве ў сваёй інтэнцыі, пасля чаго пажадаў, каб Найвышэйшы благаславіў супрацоўніцтва паміж католікамі і юдэямі дзеля лепшага спаўнення Яго, поўных міру, задумаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.