2017-08-31 08:27:00

У Папскіх універсітэтах будзе выкладацца экалогія


З пачатку новага навучальнага году ва ўсіх Папскіх універсітэтах ў Рыме з’явіцца курс па інтэгральнай экалогіі. Яго ўвядзенне стала адказам на заклік Францішка да “выхавання да заключэння запавету паміж чалавецтвам і навакольным асяроддзем”, які змешчаны ў энцыкліцы “Laudato si’”. 

Ініцыятыва была прадстаўлена Святому Айцу 22 чэрвеня 2017 г. яе каардынатарам, прафесарам Прэмам Ксальксо, з Папскага грыгарыянскага ўніверсітэта, і кардыналам Тэлесфорам Пласідусам Топа, старшынёй Канферэнцыі Біскупаў Індыі. 

Цыкл разлічаны на пяць гадоў і ўключае ў сябе шэсць модуляў, згодна з шасцю раздзеламі экалагічнай энцыклікі Святога Айца. Яны тычацца такіх фундаментальных тэмаў, як праблемы “нашага супольнага дому”, біблійнага бачання стварэння, антрапалагічных каранёў экалагічнага крызісу, інтэгральнай экалогіі, выхавання і экалагічнай духоўнасці.  

Адукацыйная праграма адрасавана не толькі студэнтам Папскіх універсітэтаў, але ўсім, хто цікавіцца тэмай экалогіі, як духавенству, так і свецкім вернікам. Пасля яе заканчэння прадугледжана ўручэнне адмысловых дыпломаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.