2017-08-31 14:12:00

Пантыфік нагадаў пра прыклад веры св. Ружы з Лімы


Пантыфік заклікаў да шчырай малітвы праз заступніцтва св. Ружы з Лімы, каб выпрасіла ў Бога шматлікія благаслаўленні для Перу і ўсяго свету. Аб гэтым гаворыцца ў спецыяльным пасланні, якое ён скіраваў на завяршэнне святкавання 400-годдзя з дня смерці святой. Урачыстасці прайшлі 30 жніўня 2017 г. у Ліме пры ўдзеле папскага легата, кардынала Рауля Эдуарда Вера Чырыбогі. 

У сваім звароце Папа назваў св. Ружу з Лімы жанчынай, якая “вырасла як лілея сярод церняў”. Яна прыбягала да жорсткага пакаяння, “палаючы гарачым і поўным любові жаданнем здабыць вечнае жыццё ў Хрысце”, з дзяцінства стала сяброўкай Пана, прысвяцілася сябе Яму як панна, выхоўваючы ў сябе цноты з самага маленства, напісаў Францішак.

“Натхнёная прыкладам і заступніцтвам Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Кацярыны Сіенскай, яна цалкам падарыла сваё жыццё Богу”, апрануўшы на сябе габіт Трэцяга Дамініканскага Ордэна, дадаў Папа і нагадаў пра надзвычайную любоў св. Ружы да ўсяго стварэння.

Ружа з Лімы з’яўляецца першай святой Лацінскай Амерыкі. Яна нарадзілася ў 1586 г. у шматдзетнай сям’і. Пры хросце атрымала імя Ізабэль Флорэс дэ Аліва, але за незвычайную прыгажосць яшчэ з дзяцінства родныя і блізкія называлі яе Ружай. Будучая святая шмат малілася, займалася дабрачыннасцю, дапамагала хворым і бедным. Памерла 24 жніўня 1617 г. ва ўзросце 31 году. Крыху больш чым праз паўстагоддзя была кананізавана папам Кліментам IX. З’яўляецца апякункай Паўднёвай і Паўночнай Амерыкі, Філіпін і рэгіёну Карыбскага басейна. 








All the contents on this site are copyrighted ©.