2017-08-29 11:16:00

Кардынал Тарксан наведае Астану ў рамках “EXPO 2017”


З 30 жніўня па 4 верасня 2017 г. кардынал Пітэр Тарксан будзе знаходзіцца ў сталіцы Казахстана, Астане, дзе прыме ўдзел у мерапрыемствах у рамках Міжнароднай спецыялізаванай выставы “EXPO 2017”. Яго будзе суправаджаць арцыбіскуп Фрэнсіс Чулікат, Апостальскі нунцый у Казахстане, Кыргызстане і Таджыкістане, а таксама прадстаўнікі мясцовага Касцёла.

31 жніўня прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека будзе ўдзельнічаць у міжрэлігійнай канферэнцыі, якая пройдзе ў сталічным Палацы міру і згоды. Форум збярэ разам прадстаўнікоў ісламу, юдаізму, а таксама розных хрысціянскіх канфесій Казахстана і іншых краін. 

З нагоды Сусветнага дня малітвы аб ахове стварэння, які адзначаецца 1 верасня, кардынал Тарксан прыме ўдзел у прэс-канферэнцыі, падчас якой будзе прадстаўлены павільён і праграма Нацыянальнага дня Апостальскай Сталіцы на “EXPO 2017”, а таксама праект па ўстойлівым выкарыстанні энергіі і сацыяльнай інтэграцыі, у прыватнасці дзяцей-сірот і інвалідаў, які будзе рэалізаваны Каталіцкім Касцёлам у Казахстане.  

У афіцыйным святкаванні Нацыянальнага дня Апостальскай Сталіцы, якое пройдзе 2 верасня, акрамя высокага ватыканскага госця возьме ўдзел Касым-Жамарт Такаеў, старшыня Сената Парламента Рэспублікі Казахстан і арцыбіскуп Томаш Пэта, пастыр архідыяцэзіі Найсвяцейшай Панны Марыі ў Астане, які зачытае адмысловае пасланне папы Францішка. 

3 верасня кардынал Тарксан наведае Назарбаеў універсітэт, дзе выступіць на канферэнцыі пад назвай: “Энергія для нашага супольнага дому”. Падчас яе навукоўцы, эксперты, прадстаўнікі транснацыянальных кампаній у сферы аднаўляльнай энергіі, ААН і каталіцкіх дабрачынных арганізацый абмяркуюць розныя аспекты выкарыстання энергіі ў бліжэйшай будучыні ў кантэсце разважання аб інтэгральным развіцці чалавека.








All the contents on this site are copyrighted ©.