2017-08-26 14:12:00

Святы Айцец сустрэнецца з каталіцкімі палітыкамі


Папа прыме на аўдыенцыі членаў Міжнароднай сеткі каталіцкіх заканадаўцаў (International Catholic Legislators Network) – групы палітыкаў з больш чым з 20 краін свету, якія вызнаюць сябе католікамі і прымаюць удзел у прыняцці законаў на дзяржаўным узроўні. Сустрэча адбудзецца 27 жніўня 2017 г. пасля малітвы “Анёл Панскі” у Ватыкане. 

“Гаворка ідзе пра нефармальную групу мужчын і жанчын, якія вельмі свядома жадаюць прысутнічаць у палітыцы як веруючыя людзі. Часта іх аб’ядноўвае тое, што ў сваіх парламентах яны з’яўляюцца меншасцю, але выконваюць ролю носьбітаў важных аргументаў і каштоўнасцяў, і жадаюць спаўняць сваё служэнне як католікі”, - распавёў Ватыканскаму радыё адзін з ініцыятараў стварэння Сеткі, кардынал Крыштаф Шонбарн. 

На працягу некалькіх апошніх дзён каталіцкія заканадаўцы прымаюць удзел у штогадовай канферэнцыі, якая праходзіць у горадзе Фраскаці, пад Рымам. Селета яна прысвечана праблеме бежанцаў і мігрантаў, правам чалавека, пераследу хрысціян на Блізкім Усходзе і сексуальным злоўжыванням у касцёльных асяродках. 

Па словах арцыбіскупа Вены, такія сустрэчы для членаў Сеткі пакліканы дапамагчы ім умацавацца ў веры. Таму ў праграме форума прадугледжана штодзённая св. Імша, супольная малітва на ружанцы, эўхарыстычная адарацыя, магчымасць споведзі. 

Папы заўсёды падтрымлівалі дзейнасць гэтай, заснаванай у 2010 г. арганізацыі. “Як Бэнэдыкт XVI, так і Францішак, прымалі нас кожны год. І каталіцкія парламентарыі знаходзяць моцную падтрымку ў гэтым “так” Касцёла, сказанаму іх дзейнасці, бо вельмі часта адчуваюць сябе дастаткова самотнымі ў сваіх парламентах і знаходзяцца ў складаных сітуацыях”, - падкрэсліў кардынал Шонбарн.








All the contents on this site are copyrighted ©.