2017-08-26 12:09:00

Папскі дыпламат: дыялог – не пытанне выбару, а неабходнасць


“Сёння дыялог ужо не з’яўляецца пытаннем выбару, але неабходнасцю, каб жыць у міры ў нашых плюралістычных грамадствах”, - адзначыў арцыбіскуп Сільвана Тамазі падчас 38-й Сустрэчы дзеля сяброўствамі паміж народамі, якая 20-26 жніўня 2017 г. праходзіць у італьянскім Рыміні. Папскі дыпламат, былы шматгадовы прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе, прыняў удзел у круглым стале на тэму: “Дыялог, які павінен быць знойдзены”.

“Да сучаснага плюралізму ў нашых грамадствах мы павінны падыйсці з новай стратэгіяй, якой не з’яўляецца вайна ці канфлікт, а дыялог”, - сказаў арцыбіскуп Тамазі. Гаворачы пра апошнія 60 гадоў гісторыі Касцёл ён распавёў пра “метад дыялогу” прапанаваны Паўлам VI і частыя выказванні Яна Паўла ІІ і Бэнэдыкта XVI аб яго патрэбе, толькі не як палітычнай стратэгіі, але чалавечай, адкрываючай сэрца на іншага чалавека.

Былы ватыканскі прадстаўнік пры ААН працытаваў словы папы Францішка з Апостальскай адгартацыі “Evangelii gaudium” аб трох абшарах дыялогу: з дзяржавамі, грамадствамі, а таксама нехрысціянамі і няверуючымі. Каментуючы ўласны досвед, арцыбіскуп Тамазі казаў пра важнасць дыялогу таксама паміж культурамі, этнасамі і рэлігіямі.

“У розных грамадскіх, рэлігійных, палітычных, культурных кантэкстах лепш захоўваецца ўласная тоеснасць, адкрываючыся на дыялог і прымаючы іншых з імі адметнасцямі”, - заўважыў іерарх і падкрэсліў, што гэта патрабуе адважнага выбару паміж гатоўнасцю выйсці насустрач з іншымі і закрытасцю на іх.

Сустрэча дзеля сяброўства паміж народамі ў Рыміні, у якой узяў удзел былы дыплыматычны прадстаўнік Святога Пасаду, традыцыйна праходзіць  напрыканцы жніўня. У ёй прымаюць удзел прадстаўнікі розных культур і рэлігій: палітыкі, эканамісты, філосафы і акцёры, спартсмены і іншыя вядомыя публічныя асобы. Падчас форума адбываюцца дыскусіі, паказы спектакляў і фільмаў, праводзяцца спартыўныя мерапрыемствы, мэта якіх заключаецца ў спрыянні сяброўству і міру паміж людзьмі.








All the contents on this site are copyrighted ©.