2017-08-22 15:45:00

Францішак прызначыў легата на 800-годдзе абацтва Казамары


Францішак прызначыў кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна сваім легатам на ўрачыстасці з нагоды 800-годдзя кансэкрацыі базылікі цыстэрцыянскага абацтва Казамары, у італьянскім рэгіёне Лацыё. Святкаванні пройдуць 15 верасня 2017 г..

Абацтва з’яўляецца адным з важнейшых духоўных цэнтраў і помнікаў гатыцкага мастацтва ў Італіі. Яно знаходзіцца ў 100 км на поўдзень ад Рыма. Будаўніцтва гэтага кляштарнага комплексу пачалося ў 1203 г., а завяршылася ўрачыстай кансэкрацыя касцёла ў 1217 г.. У чэрвені 1957 г. Пій ХІІ надаў яму тытул малай базылікі. 

Асноўным пакліканнем мясцовых законнікаў з’яўляецца малітва. Акрамя гэтага яны заняты рознымі іншымі відамі дзейнасці: выкладаннем у заснаваным тут у 1898 г. тэалагічным Інстытуце св. Бернарда, вытворчасцю і гандлем лекаў, налівак, друкаваннем і рэстаўрацыяй кніг, кіраваннем археалагічным музеем і бібліятэкай, у якой захоўваецца каля 540 тыс. выданняў.

У 1929 г. абацтва Казамары, разам з іншымі кляштарамі, якія былі заснаваны па яго прыкладзе, набыло статус аўтаномнай манаскай кангрэгацыі, аб’яднанай з Ордэнам цэстэрцыянцаў. На дадзены момант у ім пражывае шаснаццаць законнікаў.   








All the contents on this site are copyrighted ©.