2017-08-18 18:10:00

Касцёл у Расіі чакае візіту бліжэйшага супрацоўніка Папы


Візіт кардынала Параліна ў Расію будзе мець гістарычнае значэнне. Раней Дзяржсакратар Яго Святасці Папы прыязджаў у гэту краіну з афіцыйным візітам толькі аднойчы – у 1988 г.. Гэта быў візіт кардынала Агасціна Казаролі на святкаванне 1000-годдзя Хрышчэння Русі, нагадаў арцыбіскуп Паола Пецы ў інтэрв’ю сайту “Gaudete.ru”.

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Расіі заўважыў, што ў 1999 г. Маскву наведваў кардынал Дзяржсакратар Анджэла Садана, але мэтай паездкі была кансэкрацыя адноўленага катэдральнага касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. 

“Гэта была значная падзея, але гэта не быў візіт на дзяржаўным узроўні. У гэты раз Дзяржсакратар прыязджае менавіта па запрашэнні ўладаў і асабіста Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна. Менавіта таму для нас гэта важная падзея, якая стаіць асобна”, - сказаў арцыбіскуп Пецы.

Пастыр маскоўскай архідыяцэзіі, падкрэсліў, што падчас сустрэчы з расійскім каталіцкім духавенствам кардынал Паралін прынясе не толькі слова, “але і прысутнасць нашага ўмілаванага папы Францішка”. 

Само ж пытанне аб магчымасці візіту ў Расію Святога Айца не будзе ўздымацца падчас знаходжання кардынала Дзяржсакратара ў Маскве. На думку кс. Ігара Кавалеўскага, Генеральнага сакратара Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Расіі, казаць аб гэтым заўчасна. “Сам кардынал падкрэсліў, што гэта праблема не будзе абмяркоўвацца”, - дадаў ён падчас прэс-канферэнцыі, якая адбылася 17 жніўня 2017 г. у Маскве.

Па словах кс. Кавалеўскага, Расія яшчэ не гатова прыняць Пантыфіка. “Я асабіста не падтрымліваў бы гэтага візіту, паколькі наша грамадства яшчэ не паспела для таго, каб прыняць Папу Рымскага. І не трэба прыспешваць падзеі”, - адзначыў ён. 

Святар мяркуе, што перш за ўсё Руская Праваслаўная Царквы і расійскае грамадства павінны быць гатовымі да візіту Папы ў Маскву. “Мы павінны быць добрымі гаспадарамі, каб прыняць такога высокага госця”, - прыводзіць словы Генеральнага сакратара расійскага епіскапату агенцтва “Інтэрфакс”.








All the contents on this site are copyrighted ©.