2017-08-14 12:22:00

Калумбія: збор ахвяраванняў з нагоды візіту Папы


Нацыянальны збор ахвяраванняў з нагоды маючага адбыцца 6-11 верасня 2017 г. візіту папы Францішка праходзіць у Калумбіі. Сродкі будуць накіраваны на арганізацыю прыёма Пантыфіка, душпастырскую фармацыю і інфармаванне вернікаў, падрыхтоўку літургічных цэлебрацый і іншых падзей, прадугледжаных праграмай візіту, гаворыцца ў спецыяльным паведамленні епіскапату краіны. Падкрэсліваецца, што большая частка персаналу, які супрацоўнічае з Касцёлам у рамках Арганізацыйнага камітэту папскага падарожжа, працуе на валанцёрскай аснове.

У Калумбіі Святы Айцец наведае чатыры гарады: Багату, Вілавісэнсіа, Медэльін і Картахену. Дэвізам пілігрымкі будуць словы: “Зробім першы крок”, якія з’яўляюцца запрашэннем да ўсіх калумбійцаў зрабіць першы крок да пабудовы міру. Гэта важна, бо на працягу больш чым 50 гадоў грамадзянскай вайны тут загінулі 220 тыс. чалавек, 45 тыс. зніклі без вестак, 7 млн. жыхароў апынуліся ў эвакуацыі, каля тысячы дзяцей былі завербаваныя ў салдаты.

Для Францішка візіт у Калумбію стане пятай паездкай у Лацінскую Амерыку з пачатку пантыфікату. Ён стане трэцім Папам, які прыбудзе ў гэтую краіну – 22-25 жніўня 1968 г. тут быў Павел VI, а 1-7 ліпеня 1986 г. – св. Ян Павел ІІ.








All the contents on this site are copyrighted ©.