2017-08-11 12:13:00

Набліжаецца 100-годдзе з дня нараджэння бл. Оскара Рамэра


Памятаць пра бл. Оскара Рамэра важна, бо ён з’яўляецца адным з сведкаў веры, які пазначыў гісторыю Касцёла ў перыяд пасля Другога Ватыканскага Сабору, лічыць старшыня Папскай акадэміі “Pro Vita”. Арцыбіскуп Вінчэнца Палья прыме ўдзел у святкаванні 100-годдзя з дня нараджэння гэтага мучаніка, якія адбуцца ў бліжэйшыя дні ў Вялікабрытаніі.

Бл. Оскар Рамэра нарадзіўся 15 жніўня 1917 г. у сальвадорскім горадзе Сьюдад-Барыёс. Будучы арцыбіскупам Сан-Сальвадора ён актыўна выступаў супраць беднасці, сацыяльнай няроўнасці, забойстваў і катаванняў. У 1980 г. іерарх быў забіты прама каля алтара падчас цэлебрацыі Эўхарыстыі. Два гады таму папа Францішак абвясціў яго благаслаўлёным.

“Невыпадкова 24 сакавіка, у дзень яго мучаніцтва, успамінаюцца ўсе мучанікі сучаснага Касцёла – новыя мучанікі”, - заўважыў арцыбіскуп Палья і нагадаў, што менавіта гэта дата была выбрана ААН для святкавання Міжнароднага дня права на ўстанаўленне праўды аб цяжкіх парушэннях правоў чалавека і годнасці ахвяр. 

Па словах іерарха, бл. Оскар Рамэра цудоўна разумеў, што Евангелле павінна змяняць свет, а каб гэта адбылося, трэба пачынаць з любові да бедных. Многія думалі, што яго клопат аб патрабуючых мае палітычны падтэкст і абумоўлены сімпатыямі да марксізму, але гэта не было так: прыклад любові да бедных дзеля перамены свету даў сам Езус, падкрэсліў арцыбіскуп Палья. 

Ён нагадаў, што пазіцыі бл. Оскара Рамэра супрацьстаялі многія людзі, у тым ліку хрысціяне. Сёння такая апазіцыя нярэдка існуе да паслання папы Францішка, які таксама заклікае клапаціцца пра найбольш патрабуючых, заўважыў ватыканскі іерарх.

“Евангелле просіць зрабіць выбар, стаць на бок бедных, пакутуючых, аддаць жыццё дзеля гэтага. Як можна быць хрысціянамі, глядзець на Рамэра і затым быць абыякавымі да тых, хто гіне ў Міжземным моры, узводзіць бар’еры і муры ці адварочвацца ў іншы бок перад абліччам канфліктаў?”, - спытаў старшыня Папскай акадэміі “Pro Vita” і выказаў меркаванне, што кананізацыя сальвадорскага мучаніка можа адбыцца ў наступным годзе. 








All the contents on this site are copyrighted ©.