2017-08-10 15:07:00

Агучаны першыя дэталі візіту Папы ў Чылі


Першымі падрабязнасцямі маючага адбыцца 16-18 студзеня 2018 г. візіту папы Францішка ў Чылі падзяліўся генеральны сакратар Канферэнцыі Біскупаў Чылі і каардынатар папскай пілігрымкі, біскуп Луіс Фернанда Рамон Перэc. Па яго словах, за час свайго прабывання ў гэтай лацінаамерыканскай краіне Пантыфік будзе цэлебраваць тры св. Імшы з вернікамі.

Першая адбудзецца ў “Parque O’Higgins” – другім па велічыні гарадскім парку ў сталіцы краіны, горадзе Сант’яга. Другую св. Імшу Папа ўзначаліць на тэрыторыі аэрапорта “Maquehue”, што знаходзіцца ў некалькіх кіламетрах ад горада Тэмука, у цэнтральнай частцы краіны. Трэцця літургія з удзелам Святога Айца пройдзе на пляжы “Lobito”, у ваколіцах Ікіке, на поўчаны Чылі. 

Плануецца, што падчас прабывання ў сталіцы краіны, Францішак наведае жаночую турму, катэдральны касцёл, марыйны санктуарый і санктуарый св. Альбэрта Уртада, Папскі чылійскі універсітэт. Святы Айцец сустрэнецца таксама з Прэзідэнтам краіны Мішэль Бачэлет у яе рэзідэнцыі – палацы “Ла Манэда”.

Праграма падарожжа Францішка ў Чылі яшчэ не была канчаткова зацверджана. Яна складаецца такім чынам, каб дазволіць як мага большай колькасці вернікаў прыняць удзел у сустрэчах з Наступнікам св. Пятра, паведаміў біскуп Перэс.

Візіт Францішка ў Чылі стане часткай яго чарговага падарожжа ў Лацінскую Амерыку. Адтуль – 18-21 студзеня 2018 г. – ён адправіцца ў Перу, дзе яго чакаюць у Ліме, Пуэрта-Мальданада і Трухільё. Гэта будзе ўжо шосты візіт Францішка ў Лацінскую Амерыку падчас яго пантыфікату, пасля Бразіліі; Эквадору, Балівіі і Парагваю; прыпынку на Кубе; Мексікі; вераснёўскага падарожжа ў Калумбію.








All the contents on this site are copyrighted ©.