2017-08-09 14:28:00

Папа: мы ўсе няшчасныя грэшнікі, што патрабуюць міласэрнасці


Кожны мае патрэбу ў Божай міласэрнасці, што вяртае надзею, адзначыў Францішак у Ватыкане падчас агульнай аўдыенцыі, тэмай якой стала прабачэнне. Ён заклікаў сваіх слухачоў абвяшчаць Божую міласэрнасць ўсім людзям. У Зале Паўла VI сабралася 9 жніўня 2017 г. каля 8 тыс. чалавек.

Пантыфік спаслаўся на словы з Евангелля св. Лукі: “Хто Ён такі, што нават грахі адпускае?” (Лк 7,49), якія сталі рэакцыяй гасцей фарысея Сымона на чын Езуса. Гаворка ідзе пра жанчыну, усім вядомую ў горадзе грэшніцу, якая прынесла алебастравы флакон міра і пачала намашчаць Езуса, абліваць Яго ногі слязьмі і валасамі сваёй галавы выцірала іх. Усе лічыці, што калі Езус з’яўляецца прарокам, не павінен прымаць гэты жэст. Згодна з тагачаснай ментальнасцю, існаваў выразны падзел паміж святым і грэшнікам, паміж чыстым і нячыстым, звярнуў увагу Папа.

“Але стаўленне Езуса адрозніваецца. З самага пачатку свайго служэння ў Галілеі, ён блізкі да пракажоных, апантаных злымі духамі, усіх хворых і выдаленыя на ўзбочыну. Такія паводзіны ніякім чынам не былі звычайнымі. Зрэшты, спагада Езуса да выключаных, “недатыкальных” будзе адной з тых рэчаў, якія выклікаюць набольшае здзіўленне яго сучаснікаў. Калі чалавек пакутуе, Езус бярэ на сябе гэтыя пакуты, пакуты становяцца яго ўласнымі. Езус не кажа, што стан пакутаў трэба зносіць з гераізмам, як філосафы-стоікі. Ён падзяляе чалавечы боль, і калі з ім сутыкаецца, у Ім нараджаецца такое стаўленне, якое характарызуе хрысціянства – міласэрнасць”, -  адзначыў Папа.

Францішак лічыць, што “дрэннае жыццё” многіх сённяшніх людзей працягваецца толькі таму, што яны не могуць спаткаць некага, хто будзе гатовы зірнуць на іх па-іншаму – “Божым сэрцам, а значыць, з надзеяй”. Езус бачыць магчымасць уваскрасення нават у тых, хто назапасіў шмат дрэнных рашэнняў. Ён звяртаецца з “шырока раскрытай міласэрнасцю”, “даруе, абдымае, разумее, набліжаецца да чалавека”.

“Часам мы забываемся, што Езус не казаў пра лёгкую любоў, здабытую малым коштам. Евангеллі апісваюць першую негатыўную рэакцыю на Езуса менавіта, калі Ён дараваў чалавечыя грахі (Мк 2,1-12). Быў чалавек, які пакутаваў удвая: таму што не мог хадзіць, і таму, што ён адчуваў, што “заблудзіўся”. Езус разумеў, што другая з гэтых пакут была большай, чым першая, настолькі, што прыняў яго неадкладна, абвяшчаючы вызваленне: “Сыне, адпускаюцца твае грахі” (Мк 2, 5). Ён вызваляе ад гэтага пачуцця зняволення з-за памылкі”, - патлумачыў Пантыфік. 

Папа з жалем заўважыў, што некаторыя католікі, якія лічаць сябе дасканалымі і пагарджаюць іншымі, вельмі падобныя да кніжнікаў, што з’яўляецца сапраўды сумнай з’явай.

“Мы, якія звыкліся атрымліваць прабачэнне грахоў, можа, занадта “малым коштам”, павінны часам нагадваць сабе, колькі мы каштавалі Божай любові. Кожны з нас шмат каштаваў – жыццё Езуса. Ён аддаў яго за кожнага з нас. Езус пайшоў на крыж, таму што лячыў хворых, прапаведаваў міласэрнасць, таму што абвяшчаў Благаслаўленні. Сын Божы быў укрыжаваны галоўным чынам таму, што даруе грахі, таму што жадае поўнага і канчатковага вызвалення чалавечага сэрца. Таму не можа так быць, каб чалавек марнаваў сваё жыццё з гэтай нязмыўнай “татуіроўкай”, з думкай, што не можа быць прыняты міласэрным сэрцам Бога. З гэтымі пачуццямі Езус ідзе насустрач грэшнікам, і кожны з нас з’яўляецца першым з іх”, - адзначыў Францішак.

Грэшнік, атрымліваючы прабачэнне, атрымлівае спакой не толькі на псіхалагічным узроўні, бо прабачэнне дае вялікую падтрымку праз вызваленне ад віны, – Езус робіць значна больш: дае людзям надзею на новае жыццё, звярнуў увагу Папа. Ён нагадаў, што мытнік Мацвей, здраднік Радзімы, які эксплуатаваў чалавек, становіцца апосталам Хрыста; Закхей, карумпаваны багаты чалавек з Ерыхона, становіцца дабрадзеем бедных. Самаранка, якая мела пяць мужоў, чуе абяцанне “жывой вады”. Езус змяняе сэрца і робіць гэта з кожным з нас.

Пантыфік запрасіў задумацца аб тым, што Хрыстус для заснавання свайго Касцёла абраў не тых людзей, якія ніколі не рабілі памылак. Касцёл – гэта народ грэшнікаў, якія дасведчылі міласэрнасць і прабачэнне Бога. Пётр даведаўся ўсю праўду пра сябе тады, калі заспяваў певень, а не падчас сваіх парываў шчодрасці, якія прымушалі яго адчуваць сябе лепшым за іншых.

“Браты і сёстры, мы ўсе няшчасныя грэшнікі, што патрабуюць міласэрнасці Бога, Які мае ўладу змяніць нас і кожны дзень даваць абноўленую надзею, і гэта робіць. І тым, хто разумее гэтую асноватворную ісціну, Бог дае самую цудоўную місію ў свеце, а менавіта – любоў да нашых братоў і сясцёр і абвяшчэнне міласэрнасці, не адмаўляючы ў гэтым нікому”, - завяршыў сваю катэхезу падчас агульнай аўдыенцыі Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.