2017-08-05 14:18:00

Пантыфік спачувае ў сувязі са смерцю кардынала Тэтаманцы


Папа Францішак выказаў свой смутак і сардэчныя спачуванні ў сувязі са смерцю арцыбіскупа Міланскага на пенсіі, кардынала Дзіаніджы Тэтаманцы. 83-гадовы іерарх адышоў у вечнасць 5 жніўня 2017 г. Пантыфік лічыць, што супольнасць Касцёла страціла “аднаго з сваіх выдатных дзяцей і найбольш паважаных і любімых пастыраў”. 

У сваёй спецыяльнай тэлеграме ён адзначыў “культурны і пастырскі” ўклад памерлага, а таксама яго “радаснае сведчанне Евангелля і пакорлівае служэнне ў Касцёле” ў якасці святара Міланскай архідыяцэзіі, а затым Біскупа Анконы-Озіма, сакратара Канферэнцыі Італьянскіх Біскупаў, Арцыбіскупа Генуі, і ўрэшце, арцыбіскупа Мілана. 

Францішак адзначыў, што кардынал Тэтаманцы заўсёды быў “клапатлівым пастырам”, які цалкам прысвячаў сябе патрэбам і святароў, і вернікаў, з асаблівай увагай да пытанняў сям’і, сужэнства і біяэтыкі, у якіх ён быў асабліва кампетэнтным. У сваёй тэлеграме Папа запэўніў у малітве за “вернага слугу” Пана, каб ён атрымаў вечную радасць і спакой.

Дзіаніджы Тэтаманцы нарадзіўся 14 сакавіка 1934 г. у Рэнатэ ў італьянскім рэгіёне Ламбардыя. Святарскае пасвячэнне прыняў у 1957 г. з рук тагачаснага арцыбіскупа Мілана Джавані Батыста Монціні, пазнейшага папы Паўла VI. У Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме ў 1960 г. абараніў доктарскую па тэалогіі. У 1989 г. быў прызначаны Біскупам Анконы-Озіма, а праз два гады стаў генеральным сакратаром італьянскага епіскапату. У красавіку 1995 г. Ян Павел ІІ прызначыў яго арцыбіскупам Генуі, а ў ліпені 2002 г. – арцыбіскупам Мілана. 21 лютага 1998 г. стаў членам Калегіі кардыналаў. У адстаўку з пасады арцыбіскупа Мілана сышоў 28 чэрвеня 2011 г. Удзельнічаў у канклаве 2013 г., які абраў Францішка.








All the contents on this site are copyrighted ©.