2017-08-02 11:58:00

Францішак сустрэўся з футбалістамі “Барусіі Мёнхенгладбах”


Папа прыняў 2 жніўня 2017 г. на аўдыенцыі ў Ватыкане футбалістаў і кіраўніцтва нямецкага футбольнага клуба “Барусія Мёнхенгладбах”. Пантыфік падзякаваў за візіт і запэўніў, што гэта магчымасць выказаць падзяку за сяброўства, якое склалася паміж футбольным клубам, асабліва яго ветэранамі, і Спартыўнай асацыяцыяй ватыканскіх супрацоўнікаў. Паміж двума камандамі ў апошнія гады было згуляна некалькі матчаў у Мёнхенгладбах і Рыме. 

Францішак выкарыстаў у сваёй прамове нямецкі футбольны тэрмін “Fohlen-Elf” і падкрэсліў, што гаворка ідзе пра сапраўдную каманду з пункту гледжання “чалавечага маштабу”, каманду з сямейным духам. Прыемна бачыць, заўважыў ён, як “Барусія” праводзіць розныя спартыўныя і адукацыйныя праграмы і ініцыятывы, накіраваныя на выхаванне маладых людзей, у тым ліку тых, хто апынуўся ў складаных умовах. Пантыфік запрасіў нямецкі футбольны клуб працягваць быць “атлетамі дабра і міру”, якіх так востра патрабуе сучасны свет, і даверыў футбалістаў, іх сем’і і блізкіх Божай апецы.

Традыцыя правядзення таварыскіх матчаў паміж зборнай Ватыкана і нямецкімі футбольнымі клубамі нарадзілася ў 2011 г. і была падтрымана Бэнэдыктам XVI. Папа Францішак з радасцю пагадзіўся яе працягваць, улічваючы важнасць спорту ў спрыянні каштоўнасцям і салідарнасці. 

У склад зборнай Ватыкана ўваходзяць, між іншым, супрацоўнікі пошты, жандармерыі, прадстаўнікі Дзяржсакратарыяту і Швейцарскай гвардыі. 








All the contents on this site are copyrighted ©.