2017-08-01 14:45:00

Апостальская Сталіца заклікае да адказнага турызму


Турызм можа быць важнай прыладай для развіцця і барацьбы з беднасцю, адзначыў у пасланні на Сусветны дзень турызму прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. Кардынал Пітэр Тарксан пажадаў, каб турыстычная дзейнасць садзейнічала развіццю народаў і захаванню навакольнага асяроддзя.

Паводле сацыяльнага вучэння Касцёла, сапраўднае развіццё “не абмяжоўваецца простым эканамічным ростам”. Яно павінна быць інтэгральным і скіраваным на “кожнага чалавека і ўсяго чалавека”. Такому ж прынцыпу паклікана адпавядаць і сфера турызму, падкрэсліў высокі ватыканскі іерарх.

Турызм павінен быць адказным, не шкодным для навакольнага асяроддзя і сацыяльна-культурнага кантэксту, у якім здзяйсняецца, паважлівым да мясцовага насельніцтва і яго спадчыны, скіраваным на абарону асабістай годнасці і правоў работнікаў і ўважлівым да найбольш неабароненных і ўразлівых людзей, заўважыў прэфект.

Паводле кардынала Тарксана, будучы ўстойлівым, турызм можа стаць прыладай развіцця для эканомік, якія знаходзяцца ў цяжкасцях, і рухавіком новых магчымасцяў, а не крыніцай праблем. Устойлівы турызм вельмі важны для барацьбы з беднасцю, паляпшэння якасці жыцця, умацавання эканамічнай незалежнасці людзей і падтрымкі эканомік бедных краін, дадаў ён.

Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы заклікаў хрысціян зрабіць унёсак на карысць устойлівага турызму і паразважаць над тым, як паставіць яго на службу інтэгральнаму развіццю асобы.

Сусветны дзень турызму штогадова адзначаецца 27 верасня па ініцыятыве Генеральнай асамблеі Сусветнай турыстычнай арганізацыі ААН. Ён быў устаноўлены ў 1979 г. у іспанскім горадзе Торэмалінас.








All the contents on this site are copyrighted ©.