2017-07-30 15:54:00

Папа: закасаць рукавы і здабыць Валадарства Нябеснае


Сваімі разважаннямі на тэму прыпавесці Езуса аб Валадарстве Нябесным, як скарбе, схаваным у полі, і прыгожай пярліне, падзяліўся папа Францішак 30 ліпеня 2017 г. з вернікамі, сабранымі ў Ватыкане на малітве “Анёл Панскі”. Ён заклікаў прытрымлівацца шляху, паказанага Панам, каб знайсці такі скарб. 

“Навучанне Езуса ў прыпавесцях, якое злучае сем з іх у трынаццатым раздзеле Евангелля св. Мацвея, завяршаецца сёння трыма алегорыямі: аб скарбе, схаваным у зямлі, каштоўнай пярліне (Мц 13, 45-46) і аб нераце (Мц 13, 47-48). - звярнуў увагу Папа - Засяроджуся на першых двух, якія падкрэсліваюць рашэнне сваіх герояў прадаць усё, каб атрымаць тое, што адшукалі. У першым выпадку гэта селянін, які выпадкова натыкаецца на скарб, схаваны ў полі, дзе ён працуе. І паколькі яно не належыць яму, павінен яго купіць, калі хоча атрымаць скарб. Таму вырашае пазбавіцца ўсёй сваёй маёмасці, каб не страціць гэтай сапраўды асаблівай магчымасці. У другім выпадку мы сустракаемся з купцом, які гандлюе каштоўнымі пярлінамі. Як вялікі знаўца, знайшоў пярліну вялікай каштоўнасці. Ён таксама вырашае паставіць усё на яе, настолькі, што прадае ўсе астатнія.

Гэтыя прыпавесці падкрэсліваюць дзве асаблівасці, якія тычацца здабыцця Валадарства Нябеснага: пошук і прысвячэнне. Сапраўды, яно прапанавана ўсім – гэта дар, падарунак, ласка, – але яго не даюць на срэбным падносе, патрабуе пэўнага дынамізму: гаворка ідзе аб пошуку, вандроўцы, закасванні рукавоў. Стаўленне пошуку з’яўляецца перадумовай адшукання. Неабходна, каб сэрца палала жаданнем атрымаць каштоўнае дабро – Валадарства Божае, якое ўвасабляецца ў Езусе. Гэта Ён з’яўляецца схаваным скарбам, каштоўнай пярлінай. Гэта Ён з’яўляецца фундаментальным адкрыццём, што можа рашуча змяніць наша жыццё, напаўняючы яго сэнсам.

У абліччы нечаканага адкрыцця, як селянін, так і гандляр, разумеюць, што яны маюць перад сабой унікальную магчымасць, якую нельга ўпусціць, таму прадаюць усё, што ў іх ёсць. Разуменне бясцэннасці скарбу прыводзіць да рашэння, якое цягне за сабой ахвяру, выдаленне і адмову. Пасля адкрыцця скарбу і пярліны, то бок, калі мы знайшлі Пана, не трэба пакiдаць гэтае адкрыццё бясплодным, але ахвяраваць для яго ўсё астатняе. Гаворка не ідзе пра пагарду да астатняга, але пра падпарадкаванне яго Езусу, ставячы Хрыста на першае месца. Ласка павінна займаць першае месца. Вучань Хрыста не з’яўляецца чалавекам, які пазбаўляе сябе чагосьці істотнага. Гэта хтосьці, хто знайшоў значна больш: ён знайшоў поўню радасці, якую можа даць толькі Пан. Гэта евангельская радасць вылечаных хворых, грэшнікаў, якія атрымалі прабачэнне, злачынцы, перад якім адкрываецца брама раю.

“Радасць Евангелля напаўняе сэрца і ўсё жыццё тых, хто сустракаецца з Езусам. Тыя, хто дазваляюць Яму збавіць сябе, будуць вызваленыя ад граху, смутку, ад унутранай пустэчы, ізаляцыі. З Езусам Хрыстом радасць заўсёды нараджаецца і адраджаецца (пар. Evangelii Gaudium, 1). Сёння мы закліканы да разважання пра радасць селяніна і купца з прыпавесці. Гэта радасць кожнага з нас, калі мы адкрываем блізкасць і суцяшальную прысутнасць Езуса ў нашым жыцці. Такую прысутнасць, якая ператварае сэрца і адкрывае нас на патрэбы і акцэптацыю братоў, асабліва слабых.

Будзем маліцца праз заступніцтва Панны Марыі, каб кожны мог сведчыць словам і паўсядзённымі жэстамі аб радасці адшукання скарбу Валадарства Божага – любові, якую Айцец даў нам праз Езуса”, - сказаў Францішак.

Пасля марыйнай малітвы, Папа пажадаў вернікам добрай нядзелі і папрасіў маліцца за яго.








All the contents on this site are copyrighted ©.