2017-07-28 15:46:00

Сацыёлаг: гаміліі Францішка маюць планетарны характар


Гаміліі папы Францішка падчас ранішнішніх св. Імшаў, якія з пачатку свайго пантыфікату ён адпраўляе ў прысутнасці вернікаў у капліцы сваёй рэзідэнцыі – Дому св. Марты, маюць планетарны характар, паколькі тычацца пытанняў сусветнага значэння. Да гэтай высновы прыйшоў італьянскі сацыёлаг Джамп’ера Гамалеры, які займаецца камунікацыяй і які прысвяціў гэтым гаміліям кнігу пад назвай “Святая Марта. Гаміліі”, што выйшла ў Ватыканскім выдавецтве.

Паводле яго, гаміліі з’яўляюцца схаваным аспектам дзейнасці Францішка, якую ён вядзе ўдалечыні ад тэлекамер і журналістаў. Яна не бачна для грамадскай думкі. Але дадае, што гэта схаванасць не азначае трымання ў сакрэце, бо тэксты гамілій шырока даступныя і шмат дзе публікуюцца.

Магчыма, менш велічныя, чым тыя, якія кіруе падчас шматлюдных цэлебрацый, гаміліі Папы ў капліцы Дому св. Марты надзвычай цікавыя для тых, хто хоча зразумець асноўныя ідэі Францішка і бачанне, якое суправаджае яго намаганні па рэфармаванні Касцёла.

Крытыкі цяперашняга Пантыфіка, напісаў італьянскі ватыканіст Марка Паліці, які пракаментаваў кнігу на старонках „Il Fatto quotidiano”, прадстаўляюць яго як “мала-тэалагічнага”, у той час як асновай для яго слоў, наўмысна простых і зразумелых для шырокай аўдыторыі, з’яўляецца комплекснае мысленне. Гэта мысленне засяроджана на вырашэнні выклікаў, якія вялікія змены, звязаныя з секулярызацыяй, ставяць перад сённяшнім Касцёлам. Паліці лічыць, што Касцёл стаў у значнай ступені чужым для малодшых пакаленняў, якія спакойна і безканфліктна сыходзяць з плошчы, а Папа, як сейбіт, кідае насенне мыслення.








All the contents on this site are copyrighted ©.