2017-07-28 14:22:00

Каталіцка-праваслаўная сустрэча ў Санкт-Пецярбургу


27 ліпеня 2017 г. у Санкт-Пецярбургу адбылася сустрэча старшыні Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхата, Мітрапаліта Валакаламскага Іларыёна са старшынёй Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, кардыналам Куртам Кохам, які прыбыў на чале каталіцкай дэлегацыі для суправаджэння рэліквій св. Мікалая з Пецярбурга ў Бары.

Іерархі абмеркавалі розныя пытанні двухбаковых адносін паміж Маскоўскім Патрыярхатам і Каталіцкім Касцёлам. Перш за ўсё, суразмоўцы адзначылі экстраардынарны характар падзеі прынясення рэліквій св. Мікалая з Італіі ў Расію. Мітрапаліт Іларыён паведаміў, што на дадзены момант у Маскве і Санкт-Пецярбургу больш за два мільёны вернікаў змаглі пакланіцца святыні. Ён падкрэсліў, што гэта стала магчымым дзякуючы дамоўленасцям, дасягнутым на гістарычнай сустрэчы паміж Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам і Папам Францішкам 12 лютага 2016 г. у Гаване. Мітрапаліт падзякаваў кардыналу Коху і яго супрацоўнікам за садзейнічанне ў арганізацыі падзеі, якая мела велізарнае значэнне для ўсёй Рускай Праваслаўнай Царквы.

Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, у сваю чаргу, выказаў глыбокае задавальненне і радасць у сувязі з тым натхненнем, якое сярод праваслаўных вернікаў выклікала прынясенне рэліквій. Высокі прадстаўнік Апостальскай Сталіцы падкрэсліў, што прыклад шанавання св. Мікалая ў Расіі паказвае, наколькі вялікую ролю адыгрывае шанаванне святых старажытнага Касцёла для пераадолення наяўных паміж хрысціянамі рознагалоссяў і прадузятасцяў. Суразмоўцы пагадзіліся, што неабходна працягваць супрацоўніцтва ў гэтым напрамку. Мітрапаліт Іларыён і кардынал Кох таксама разгледзелі пытанні, звязаныя з дзейнасцю Сумеснай працоўнай групы па культурным супрацоўніцтве паміж Рускай Праваслаўнай Царквой і Святым Пасадам.

Рэліквіі св. Мікалая знаходзіліся ў Расіі з 21 мая па 28 ліпеня 2017 г., у Маскве і Пецярбургу. Упершыню за ўсе 930 гадоў знаходжання рэліквій у італьянскім горадзе Бары яны пакінулі межы Італіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.