2017-07-27 15:08:00

Ватыканская дэлегацыя з візітам у Расіі


“Экуменізм святых з’яўляецца выдатнай магчымасцю для дыялогу паміж Цэрквамі”, - сказаў кардынал Курт Кох 26 ліпеня 2017 г. у Санкт-Пецярбургу. Такім чынам іерарх пракаментаваў перэгрынацыю рэліквій св. Мікалая ў Расіі, якая прыцягнула 2,5 мільёны асоб. Ён перакананы, што ўшанаванне рэліквій можа дапамагчы вернікам у іх прыхільнасці да дыялогу. Выдатна, што кіраўнікі Цэркваў сустракаюцца, але вельмі важна, каб гэта адбывалася і на ўзроўні простых парафіянаў.

Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству ўзначаліў дэлегацыю, што ў першай палове дня ў пятніцу, 28 ліпеня 2017 г., вылеціць з Санкт-Пецярбурга ў Бары разам з рэліквіямі св. Мікалая.

Перэгрынацыя стала вынікам сустрэчы паміж папам Францішкам і Патрыярхам Кірылам у 2016 г. на Кубе. Гэта знак сяброўства і імкненне даверыць св. Мікалаю справу збліжэння паміж Рускай Праваслаўнай Царквой і Каталіцкім Касцёлам; гэта мост дыялогу, малітвы і братэрства, падкрэсліў супрацоўнік Папскай рады, айцец Іакінф Дэсцівэль. Ён заўважыў, што св. Мікалай вельмі звязаны з гісторыяй праваслаўя ў Расіі: адна траціна храмаў носіць яго імя, у кожным доме ёсць яго ікона.

Вечарам 27 ліпеня, кардынал Кох, пасля наведвання асноўных цэркваў Санкт-Пецярбурга і св. Імшы ў каталіцкім касцёле св. Кацярыны, сустрэнецца з Мітрапалітам Валакаламскім Іларыёнам, старшынёй Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхата. 28 ліпеня адбудзецца сустрэча каталіцкай дэлегацыі з Патрыярхам Кірылам.

Пасля вяртання ў Бары рэліквіі будуць змешчаны ў грабніцы. Гэта адбудзецца ў прысутнасці натарыуса, які складзе фармальны акт, што пацвердзіць “вяртанне” св. Мікалая ў Бары.








All the contents on this site are copyrighted ©.