2017-07-25 15:45:00

Святы Пасад: доступ да вады – прыярытэтнае права чалавека


“Неабходна надаць вадзе цэнтральнае значэнне ў сістэме дзяржаўнай палітыкі – такой з’яўляецца пазіцыя святога Пасаду”, - сказаў арцыбіскуп Іван Юркавіч, Пастаянны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе 24 ліпеня 2017 г. у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё. Іерарх патлумачыў месца “воднага” пытання ў стратэгіі ўстойлівага развіцця да 2030 г.

Лічбы, якія агучвае ААН адносна наступстваў абмежаванага доступу да вады, “сапраўды драматычныя”: амаль 1 тыс. дзяцей памірае штодня па прычыне захворванняў, звязаных з вадой; каля 2 млрд. чалавек ужываюць забруджаную ваду; кожны год 2 млн. чалавек паміраюць з-за паталогій, выкліканых адсутнасцю або дрэннай якасцю вады, сказаў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы. Таму перад міжнароднай супольнасцю стаіць мэта спыніць гэтую тэндэнцыю. Кожная краіна заклікана прадугледзець на юрыдычным узроўні канкрэтныя спосабы ўмяшальніцтва ў сітуацыю. “Права на пітную ваду і на гігіену з’яўляецца такім жа чалавечым правам, як і іншыя, перш за ўсё, як права на жыццё”, - падкрэсліў арцыбіскуп Юркавіч.

Іерарх нагадаў, што рэзалюцыя ААН “Права чалавека на ваду і гігіену” была прынята сем гадоў таму, 28 ліпеня 2010 г. Тым не менш, 70 краін не прагаласавалі за дакумент – гэта сведчыць пра складанасць сітуацыі, дадаў арцыбіскуп Юркавіч. З таго часу так і не ўдалося дасягнуць значнага прагрэсу ў прызнанні і замацаванні гэтага права ў міжнародных дакументах.

Згодна з мэтамі ўстойлівага развіцця ААН, распрацаванымі і прынятымі ў 2015 г., кожная дзяржава для іх дасягнення павінна дзейнічаць, зыходзячы з уласных стратэгій, тым не менш, пытанне водазабеспячэння разглядаецца ў “Парадку дня да 2030” у якасці прыярытэтнага, дадаў ватыканскі дыпламат.

Ён расказаў, што Пастаянная місія Святога Пасаду ў Жэневе, сумесна з Фондам “Caritas in veritate” і ватыканскай Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека на чале з яе прэфектам, кардыналам Пітэрам Тарксанам, плануе прэзентаваць 14 верасня 2017 г. у ААН выданне, у якім праводзіцца аналіз галоўных наступстваў камерцыялізацыі пытання водазабеспячэння, і даюцца канкрэтныя прыклады працы каталіцкіх арганізацый і магчымай кааперацыі зацікаўленых структур у вырашэнні “воднага” пытання, засяроджваецца ўвага на ўплыве недахопу вады і кліматычных змен на ўзмацненне міграцыйнага руху. 

На завяршэнне размовы арцыбіскуп Юркавіч нагадаў, што з права на ваду вынікае і шэраг абавязкаў. “Прыярытэтнай важнасцю з’яўляецца неабходнасць выхоўваць у маладых пакаленнях свядомасць адносна складанасці гэтай рэчаіснасці”, - адзначыў іерарх.








All the contents on this site are copyrighted ©.