2017-07-19 14:06:00

Пантыфік заклікаў маліцца за ахвяр мафіі


“Молімся за ўсіх ахвяр мафій, просячы сілы, каб ісці наперад і працягваць барацьбу з карупцыяй”, - напісаў 19 ліпеня 2017 г. папа Францішак у сваім акаўнце ў “Twitter”. Гэты запіс прымеркаваны да 25-годдзя з дня смерці італьянскага пракурора Паола Барсэліна, забітага членамі мафіёзнай групоўкі.

Святы Айцец не раз уздымаў праблему карупцыі і мафіёзнай дзейнасці. Падчас свайго візіту ў Калабрыю, самы бедны рэгіён Італіі, у чэрвені 2014 г., Францішак адзначыў, што мафія ўвасабляе “пакланенне злу і зневажанне дабра”, а тыя, хто ўстаў на гэты шлях, “адлучаюцца ад Бога і ад Касцёла”. У студзені 2017 г., падчас аўдыенцыі для супрацоўнікаў італьянскага Нацыянальнага ўпраўлення па барацьбе з мафіяй і тэрарызмам, Пантыфік назваў мафіёзную дзейнасць “культурай смерці” і перасцярог, што яна цалкам супрацьлеглая веры і Евангеллю. Тады Папа прызнаў, што барацьба з мафіяй складаная і рызыкоўная, але як ніколі неабходная.

Менавіта ад рук сіцылійскіх мафіёзі, у выніку выбуху бомбы, закладзенай у аўтамабіль, 19 ліпеня 1992 г. заўчасна памёр Паола Барсэліна. Вядомы змагар з мафіяй і карумпаванымі партыйнымі функцыянерамі быў ураджэнцам Палерма. У 1962 г. скончыў юрыдычны факультэт мясцовага ўніверсітэта. З наступнага года распачаў працу ў італьянскім магістраце – галоўным судовым органе краіны. З 1967 г. з’яўляўся міравым суддзёй, з 19 снежня 1986 г. – галоўным пракурорам італьянскай Марсалы. Здзякуючы сумесным намаганням Барсэліна і суддзі Джавані Фальконэ ў свой час на лаве падсудных апынуліся сотні італьянскіх дэпутатаў, міністраў і прадпрымальнікаў. 5 жніўня 1992 г. Паола Барсэліна быў пасмяротна адзначаны залатым медалём “За грамадзянскую доблесць”.

19 ліпеня 2017 г., падчас цырымоніі ўспаміну памерлага ў Вышэйшай радзе магістратуры ў Рыме, Прэзідэнт Італіі Серджа Матарэла адзначыў, што “Паола Барсэліна змагаўся з мафіяй з ўпэўненасцю чалавека, які ведае, што гэта не непазбежнае зло, але крымінальны феномен, які можа быць звергнуты. Ён добра ведаў, што для дасягнення гэтай мэты недастаткова крымінальнага пераследу – неабходна распаўсюджваць, асабліва сярод моладзі, культуру законапаслухмянасці”. 

Нягледзячы на шматгадовыя намаганні адпаведных структур па вынішчэнні мафіёзных груповак, калабрыйская “Ндрангета”, неапалітанская “Камора” і сіцылійская “Коза Ностра” працягваюць складаць аснову мафіёзнай арганізаванай злачыннасці ў Італіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.