2017-07-18 13:06:00

Папа прызначыў новага сакратара Кангрэгацыі Веравучэння


Святы Айцец прызначыў новым сакратаром Кангрэгацыі Веравучэння кс. Джакама Марандзі, надаючы яму годнасць арцыбіскупа. Да гэтага часу святар працаваў падсакратаром гэтай дыкастэрыі. Яму 51 год, паходзіць з італьянскай Мадэны, мае дактарат па місіялогіі, які абараніў у Грыгарыянскім універсітэце. У Кангрэгацыі Веравучэння працуе з кастрычніка 2015 г.

Папярэдні сакратар вышэйузгаданай дыкастэрыі, іспанскі арцыбіскуп Луіс Франсіска Ладарыя Фэрэр 1 ліпеня 2017 г. быў прызначаны яе прэфектам. Ён змяніў на пасадзе нямецкага кардынала Герхарда Людвіга Мюлера.

Кангрэгацыя Веравучэння (лац. Congregatio pro Doctrina Fidei) – найстарэйшая і галоўная дыкастэрыя Рымскай курыі, заданнем якой з’яўляецца назіранне за чысцінёй дактрыны і маралі Каталіцкага Касцёла, па гэтай прычыне ўсё, што любым спосабам тычыцца гэтых пытанняў, знаходзіцца ў межах яе кампетэнцыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.