2017-07-18 13:21:00

Ватыканскі дзяржсакратар пра св. Францішка


Публічнае адрачэнне св. Францішка Асізскага ад выгодаў жыцця на карысць служэння Богу з’яўляецца напамінам для сучаснікаў, што саступленне слабым і бедным хаця б лішку таго багацця, якім валодаюць адзінкі, дазволіла б перамагчы голад і недаяданне, што толькі мірнымі сродкамі можна пазбегнуць вайны, што беражлівае стаўленне да наваколля зрабіла б яго больш утульным і здаровым, сказаў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін 17 ліпеня 2017 г. у інтэрв’ю часопісу “San Francesco” – выданню манахаў-францішканаў з Асізі.

Адрачэнне св. Францішка бліжэйшы супрацоўнік Папы назваў “рэвалюцыйным і адначасова драматычным” рашэннем, бо тым самым ён, па-першае, “рашуча разрывае сувязі са сваім былым жыццём, сярод выгод, уцех і нават ваенных прыключэнняў”, а па-другое, разбурае сямейныя і сяброўскія адносіны з людзьмі, якія не зразумелі яго духоўнага парыву.

Папа Францішак, кіруючыся прыкладам Святога з Асізі, навучае, што праца – гэта прыярытэт чалавечага існавання і першаснае права асобы, і нагадвае, як падчас свайго нядаўняга наведвання буйнога прадпрыемства “Ilva” у Генуі, што рабочыя, гэта не лічбы для справаздачы, але асобы, і што прадпрымальнікі, перш за прыбытак, павінны думаць аб спрыянні чалавечаму росту.

Кардынал Паралін пракаментаваў памкненне тагачаснага біскупа Асізі Гвіда ахінуць св. Францішка сваім плашчом у момант, калі той, прысвячаючы сябе Богу, сімвалічна адмовіўся нават ад сваёй адзежы на цэнтральнай плошчы горада. “Інстынктыўны жэст біскупа Гвіда быў выкліканы жаданнем прыкрыць аголенае цела юнака перад вачыма натоўпу”, аднак “немагчыма не заўважыць у гэтым учынку бацькоўскі парыў прыняцця і абароны”, патлумачыў кардынал. “Як маці ахоўвае свайго сына, так Каталіцкі Касцёл прымае і заступаецца за Францішка”. “Гэта адчувальны вобраз Каталіцкага Касцёла, які схіляецца, прымае і заключае ў абдымкі голас бедных і апошніх; гэта знак братэрства ўсіх народаў”, - сказаў пурпурат.








All the contents on this site are copyrighted ©.