2017-07-17 13:33:00

Бэнэдыкт XVI напісаў ліст на пахаванне кардынала Майснэра


Бэнэдыкт XVI развітаўся з кардыналам Ёахімам Майснэрам незвычайным пасланнем, у якім нагадаў, адкуль нямецкі іерарх чэрпаў радасць і сілу. У словах Папы на пенсіі прагучаў таксама напамін аб тым, што Бог таксама і ў крызісе апякуецца сваім Касцёлам. Арцыбіскуп Кёльнскі на пенсіі адышоў у вечнасць 5 ліпеня 2017 г. у 83-гадовым узросце. Яго пахаванне адбылося 15 ліпеня. 

Бэнэдыкт XVI нагадаў, што кардынал быў поўны ўнутранага святла і радасці, і гэта нягледзячы на тое, што настолькі неабыякаваму, з радыкальнай верай пастыру не лёгка было сысці з сваёй пасады, асабліва ў сітуацыі, калі Касцёл сутыкаецца з выклікам, якім з’яўляецца ціск, прызначаць пастыраў, лаяльных дыктатуры часу.
 
Папа на пенсіі таксама адзначыў, што яго асабліва ўражвала, што кардынал Майснэр у апошнія гады жыў у “глыбокім перакананні, што Бог не пакідае свайго Касцёла, нават калі часам лодка набірае настолькі шмат вады, што, здаецца, знаходзіцца на мяжы гібелі”.
 
Захоўваць радасць і спакой кардыналу дазваляла вяртанне маладых людзей да практыкавання споведзі і адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту.
 
Смерць кардынала Майснэра, перакананы Бэнэдыкт XVI, была смерцю Слугі Божага. Калі раніцай не прыйшоў на св. Імшу, яго знайшлі мёртвым у пакоі. У яго руках быў Брэвіярый: ён памёр падчас малітвы, размаўляючы з Богам. “Смерць, якая была яму дадзена, яшчэ раз паказала нам, як ён жыў: углядаючыся ў Пана і гаворачы з Панам”, - напісаў Папа на пенсіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.