2017-07-15 14:42:00

Святы Пасад у ААН: насілле ў імя Бога – блюзнерства


Барацьба са злачыннасцю, у тым ліку і на рэлігійнай глебе, патрабуе супрацоўніцтва рэлігій з дзяржаўнымі ўладамі і міжрэлігійнага дыялогу, выказаў упэўненасць пастаянны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы ў ААН, арцыбіскуп Бернардзіта Аўса 14 ліпеня 2017 г. у Нью-Ёрку з нагоды запуску “Плана дзеянняў для рэлігійных лідэраў па прадухіленні падбухторвання да насілля, якое можа прывесці да жорсткіх злачынстваў”.

Рэлігійныя лідэры і арганізацыі аб’ектыўна не маюць рэсурсаў для спынення злачыннасці. Яны могуць уплываць на паводзіны і менталітэт, аднак дзейснымі сродкамі прадухілення злачынстваў – на ўзроўні заканадаўства ці ўзброеных сіл – валодаюць толькі дзяржавы, сказаў ватыканскі дыпламат. Не адмаўляючы станоўчай ролі рэлігійных дзеячаў у спрыянні выкараненню насілля, арцыбіскуп Аўса падкрэсліў, тым не менш, “першасную адказнасць нацыянальных улад і міжнароднай супольнасці ў дзеянні па абароне бязвінных асоб ад жорсткіх учынкаў”.

У здольнасці рэлігій уплываць на паводзіны сваіх паслядоўнікаў іерарх заклікаў адрозніваць два бакі. Негатыўны заключаецца ў выпадках злоўжывання ці няправільнага выкарыстання такой магчымасці з боку асобных рэлігійных лідэраў, што толькі спрыяе росту агрэсіі. Станоўчы ж бачыцца ў пераважанні духоўных асоб, якія выкрываюць падобныя выпадкі, падкрэсліваючы, што “насілле ў імя Бога – гэта найвялікшае блюзнерства і нанясенне шкоды самой рэлігіі”. Як рэлігійныя дзеячы, так і міжнародная супольнасць павінны ўсвядоміць, што асобы, схільныя да жорсткасці з-за псеўда-рэлігійнай матывацыі, маюць патрэбу не “ў секулярызаваных довадах атэізму ці эканамічнага матэрыялізму”, але “ў пераканаўчых духоўных контраргументах, якія б сеялі насенне міру і вынішчалі карані насілля”.

Нарэшце, запрашэнне рэлігійных лідэраў да ўдзелу ва ўплывовым міжрэлігійным дыялогу, якое гучыць у дакуменце, па словах арцыбіскупа Аўсы, цалкам адпавядае пазіцыі папы Францішка, які бачыць у гэтым “неабходную ўмову для міру ў свеце”. “Міжрэлігійны дыялог мае вырашальнае значэнне не толькі для прадухілення падбухторвання да насілля сярод найбольш успрыімлівых аднаверцаў, аднак і для пашырэння заахвочвання да дабрачыннасці, а праз гэта, да стварэння міралюбівых і інклюзіўных грамадстваў, дзе жорсткія злачынствы былі б этычна непрымальнымі, немажлівымі”, - сказаў арцыбіскуп Бернардзіта Аўса.

“План дзеянняў для рэлігійных лідэраў па прадухіленні падбухторвання да насілля, якое можа прывесці да жорсткіх злачынстваў” стаў вынікам сумеснай трохгадовай працы Упраўлення ААН па прадухіленні генацыду і адказнасці за абарону, Міжнароднага цэнтра па міжрэлігійным і міжкультурным дыялогу (KAICIID) і Сусветнай Рады Цэркваў.








All the contents on this site are copyrighted ©.